Сёння ў Віцебскім аблвыканкаме прайшло пасяджэнне абласнога штаба па процідзеянні распаўсюджванню COVID-19.

Сёння ў Віцебскім аблвыканкаме прайшло пасяджэнне абласнога штаба па процідзеянні распаўсюджванню COVID-19. Удзельнікі абмеркавалі сітуацыю з хваробай у рэгіёне, закранулі пытанні правядзення навагодніх святаў і завастрылі ўвагу на важнасці прафілактычных мер.

Ва ўстановах аховы здароўя вобласці сёння ёсць 10,5 тыс. ложкаў, частка з іх выдзелена для пацыентаў з каранавірусам. Для іх лячэння ў рэгіёне працуюць больш за 4,5 тыс. урачоў і сярэдняга медыцынскага персаналу. У Віцебску, Полацку, Наваполацку і Оршы задзейнічаны 307 студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Рост захворвання ў рэгіёне працягваецца, таму прыпынена аказанне высокатэхналагічнай меддапамогі.

"Сітуацыя кантралюемая. Медыцынскія работнікі забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны, лекамі і прэпаратамі", - сказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Мікалай Каспіровіч. Ён запэўніў, што ўсе медыкі ў тэрмін атрымліваюць належныя ім даплаты.

Медыкі акцэнтавалі ўвагу на тым, што людзі не павінны забываць пра сацыяльнае дыстанцыяванне і правільнае нашэнне масак, выкарыстоўваць антысептыкі і пальчаткі ў крамах, гандлёвых цэнтрах, транспарце і г.д. Адміністрацыя гандлёвых аб'ектаў, кіраўніцтва прадпрыемстваў павінны кантраляваць абавязковае выкарыстанне масак сваімі падначаленымі. Таксама будзе даручана гандлёвым цэнтрам, каб паўсюль працавалі рассоўныя дзверы пры ўваходзе - так людзям не трэба будзе лішні раз дакранацца да паверхняў. Была выказана ідэя, каб пасажыры прыгарадных маршрутаў маглі набываць маскі ў кіроўцаў аўтобусаў. Гэта плануецца арганізаваць у бліжэйшы час.

Галоўны ўрач Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзімір Сінкевіч распавёў, што спецыялісты цэнтра штотыдзень правяраюць 500-700 аб'ектаў розных форм уласнасці на выкананне эпідэміялагічных патрабаванняў.

Ён таксама адзначыў, што да канца тыдня павінны адкрыць ПЦР-лабараторыі ў Оршы і Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклініцы. "Пашырыліся магутнасці лабараторыі абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Мы працуем у кругласутачным рэжыме, даследуем каля 2 тыс. проб у суткі", - дадаў Уладзімір Сінкевіч.

Падчас пасяджэння штаба эксперты закранулі пытанне правядзення навагодніх святаў. Напрыклад, на абласную елку запрошаны каля 950 дзяцей. Прапанавана падзяліць іх на дзве групы і правесці прадстаўленне двойчы. Галоўны ўрач Віцебскай абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы Таццяна Кавалёва прапанавала не праводзіць падобныя мерапрыемствы. Тады дзецям падарункі ўручаць у іх установах. Гэтае пытанне больш дэталёва абмяркуюць на найбліжэйшым пасяджэнні штаба і прымуць рашэнне.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома распавёў, што сёння школы наведваюць амаль 80% навучэнцаў. У дзіцячыя садкі вобласці ходзяць каля 60% малышоў. Ва ўсіх дзіцячых дамах рэгіёну ёсць выпадкі заражэння сярод дзяцей і супрацоўнікаў. Педагогі выконваюць патрабаванне нашэння масак, але ёсць выпадкі, калі бацькі кажуць сваім дзецям іх не выкарыстоўваць.

Па прагнозах медыкаў, пік захворвання ў Беларусі чакаецца ў пачатку снежня, а плато будзе трымацца да першых чыслаў лютага.