Гатоўнасць трактарнага парку гаспадарак Віцебшчыны да веснавых палявых работ ацэньваецца на ўзроўні 86%. Такую аператыўную інфармацыю паведаміў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Ягораў на пасяджэнні аблвыканкама.

Пры гэтым у асобных раёнах (Бешанковіцкім, Верхнядзвінскім) гэты паказчык перавышае 90%. Ніжэй, чым у сярэднім па вобласці, тэмпы падрыхтоўкі трактароў у Браслаўскім, Чашніцкім, Лёзненскім, Мёрскім і Гарадоцкім раёнах.

— Калі на аналагічную дату ў 2022 годзе гатоўнасць тэхнікі складала каля 80%, то сёння — 86%. Сёлета раённыя выканкамы больш актыўна выдзяляюць сродкі з мясцовых бюджэтаў на падтрымку сельгасвытворцаў, што дае такі вынік. Таму пастаўленая задача адрамантаваць не менш за 95% энергонасычаных трактароў, у тым ліку сельгастэхнікі, якая ўдзельнічае ў палявых работах, будзе вырашана. Кадры працуюць і нацэлены на тое, каб ва ўстаноўленыя тэрміны паспяхова правесці пасяўную кампанію, — запэўніў Сяргей Ягораў.