Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Віцебскай вобласці ўбралі грэчку з 64% плошчаў. Культура сабрана на тэрыторыі 1,6 тыс. га, усяго падлягае ўборцы больш за 2,4 тыс. га. Пры гэтым летась у рэгіёне было пасеяна ўсяго 688 га грэчкі. "Гэта культура непатрабавальная, але любіць цяпло, таму для нашай вобласці яна капрызная, з улікам кліматычных асаблівасцей тэрыторыі. Надвор'е для росту грэчкі мінулым летам стаяла добрае, што дазволіла палепшыць паказчыкі ўраджайнасці. Калі летась збіралі ў сярэднім 6,2 ц/га, то цяпер маем 13,3 ц/га - больш чым удвая вышэй", - растлумачылі ў аблсельгаспрадзе, дадаўшы, што пасяўныя плошчы пад культуру плануецца нарошчваць.

Агародніну новага ўраджаю ў паўночным рэгіёне нарыхтоўваюць крыху хутчэй, чым у 2021 годзе. Сабрана 2058 т на плошчы 74 га, або 27% да плана. Сярэдняя ўраджайнасць склала 278 ц/га. "Морквы ўбрана 1035 т на 31 га, усяго падлягае ўборцы 110 га. Ураджайнасць гародніны - 332 ц/га, - адзначылі ў камітэце. - Буракоў сабралі 830 т на тэрыторыі 31 га пры плане ўборкі 48 га, іх ураджайнасць - 268 ц/га. Капусту звычайна сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ўбіраюць пазней, каб максімальна расцягнуць перыяд захоўвання. На дадзены момант капуста сабрана на 3 га з 89 га".

Кукурузы на сілас сабрана 24,5 тыс. га, што складае крыху больш за чвэрць плана. Ураджайнасць дасягнула 240 ц/га, што вышэй за значэнні мінулага года, калі на аналагічную дату было 222 ц/га.

Крыніца: vitebsk-region.gov.by