29 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Абноўлены пасля рэканструкцыі аўтавакзал адкрываецца сёння ў Браславе, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Браслаўскім райвыканкаме. Рэканструкцыя аднаго з найважнейшых для раёна аб'ектаў вялася з 2009 года. За гэты час на рамонт будынка было затрачана каля Br4 млрд. Фінансаванне вялося з абласнога бюджэту. У абноўленым аўтавакзале наўрад ці хтосьці пазнае ранейшы будынак: аб'ект мае сучасны выгляд і ў два-тры разы большы па плошчы, у ім ёсць буфет, зручная зала чакання, пакоі маці і дзіцяці, адпачынку для кіроўцаў. Камфортна тут сябе будуць адчуваць і людзі з асаблівасцямі фізічнага развіцця: аўтавакзал абсталяваны неабходнымі элементамі безбар'ернага асяроддзя. На самым высокім узроўні праведзена тэхнічнае аснашчэнне. У прыватнасці, у памяшканнях устаноўлена сістэма відэаназірання, электронныя табло. Урачыстая цырымонія адкрыцця аўтавакзала пройдзе сёння днём з удзелам прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, аўтатранспартных і будаўнічых арганізацый, грамадскасці. Затым для прысутных адбудзецца святочны канцэрт.-0-

БЕЛТА