23 ліпеня, Браслаўскі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Абноўлены пагранічны пост "Урбаны", сумяшчальны з аддзяленнем памежнага кантролю, адкрыўся сёння на мяжы Саюзнай дзяржавы і ЕС у Браслаўскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Змяненне пагранічнай інфраструктуры абумоўлена патрабаваннямі часу і служыць забеспячэнню аховы дзяржграніцы, падкрэсліў на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця новага аб'екта намеснік старшыні Дзяржпагранкамітэта Васіль Гарбаценка. "Дзяржпагранкамітэт актыўна выкарыстоўвае магчымасці ўдзелу ў міжнародных праграмах, уключаючы праграмы Саюзнай дзяржавы, ААН, Еўрасаюза, накіраваныя на развіццё органаў пагранслужбы і забеспячэнне аховы дзяржграніцы", - дадаў ён. Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама, старшыня камісіі па памежнай палітыцы аблвыканкама Алег Мацкевіч заўважыў, што мяжа - гэта той рубяж, на якім няма дробязей, таму для вайскоўцаў, якія нясуць службу па ахове рубяжоў Радзімы, неабходна ствараць годныя ўмовы. Будынак пагранічнага паста "Урбаны", сумяшчальны з аднайменным аддзяленнем памежнага кантролю Полацкага пагранатрада ў Браслаўскім раёне, пабудаваны за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы. На тэрыторыі ўзведзены адміністрацыйны будынак, інтэрнат для асабовага складу з двух-трохпакаёвымі кватэрамі. Маюцца таксама боксы для службовай тэхнікі, кацельня на мясцовых відах паліва, дзве артэзіянскія свідравіны, станцыя ачысткі сцёкавых вод, пункт тэхнічнага абслугоўвання і рамонту тэхнікі, пітомнік для службовых жывёл, склад для захоўвання паліва, дызель-генератар, каналізацыйна-накачвальная станцыя. Фактычна пагранпост можа існаваць у аўтаномным рэжыме. Як адзначыў начальнік Полацкага пагранатрада Аляксей Цікуноў, навабудоўля прызначана для развіцця пагранічнай інфраструктуры. Будаўніцтва фінансавалася ў рамках узмацнення мяжы Саюзнай дзяржавы і рэалізацыі Канцэпцыі развіцця органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь на 2008-2017 гады. З бюджэту Саюзнай дзяржавы на работы было накіравана Br16 млрд.-0-

БЕЛТА