3 красавіка, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Вобразнасць Марка Шагала для акцёраў прывабная сваім кантрастам, гэта роля "на супраціўленне". Такое меркаванне выказаў у Віцебску журналістам выканаўца ролі вядомага мастака ў фільме "Шагал - Малевіч" Леанід Бячэвін перад закрытым паказам карціны, які адбыўся 2 красавіка, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Акцёр адзначыў, што ён не задаволены сваёй працай у фільме Аляксандра Міты, але сама стужка яму падабаецца. Успамінаючы перыяд працы над фільмам, акцёр адзначыў, што ў сваім жыцці ён знаходзіць паралелі з той гісторыяй, якую расказалі гледачу. "Для мяне гэта каштоўны досвед. На пяты дзень працы падчас здымак Аляксандр Навумавіч адвёў мяне ўбок і сказаў, што праклінае той дзень, калі зацвердзіў мяне на ролю. Гэта быў педагагічны прыём, - расказаў Леанід Бячэвін. - Віцебскі перыяд жыцця Малевіча пад крылом у Шагала стаў для яго пераломным. Так адбываецца і ў мяне, у маім вучэнні пад крылом Аляксандра Навумавіча. Так цяпер ніхто не працуе. Для мяне гэта неацэнны досвед", - падзяліўся акцёр.
Па словах Леаніда Бячэвіна, у вобразе Шагала прывабны кантраст. "Гэта адна з роляў, што ў акцёраў называецца "матэрыял на супраціўленне". Бывае, што адразу трапляеш у дзесятку, хапаеш зерне. А тут узнікла цяжкасць, таму што Шагал як чалавек, такі ж, як яго жывапіс, дзе кантрастныя колеры і пераходы. І чалавек ён з аднаго боку такі далікатны, мяккі, вельмі добразычлівы, лятаючы, натхнёны чалавек, а з другога – вельмі жорсткі, агрэсіўны і амбіцыйны. Знайсці цэлае ў гэтым спалучэнні было для мяне складанай задачай. Наколькі справіўся, не ведаю, не мне судзіць", - сказаў акцёр і падкрэсліў, што не з'яўляецца знатаком жывапісу ці спецыялістам у гэтай галіне, але карціны Шагала яму падабаюцца. "Тое, што я бачыў, сапраўды натхняе. А Віцебск – горад, у які хочацца вяртацца", - падсумаваў Леанід Бячэвін.
Сусветная прэм'ера фільма "Шагал - Малевіч", у тым ліку ў гарадах Беларусі, запланавана на 3 красавіка. У Беларусі фільм будзе дэманстравацца пад патранатам Міністэрства культуры ў 17 кінатэатрах розных гарадоў.