3 студзеня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Шляхам пераўтварэння рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў створаны ААТ "Гомельтранснафта Дружба" і ААТ "Полацктранснафта Дружба". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе канцэрна "Белнафтахім". У адпаведнасці з указам ад 25 чэрвеня 2010 года №331 і загадамі Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь РУП "Гомельтранснафта Дружба" пераўтворана ў ААТ "Гомельтранснафта Дружба", а Наваполацкае РУП па транспарце нафты "Дружба" - у ААТ "Полацктранснафта Дружба". Створаныя адкрытыя акцыянерныя таварыствы атрымалі пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. ААТ "Гомельтранснафта Дружба" зарэгістравана 29 снежня 2010 года ў Гомельскім гарадскім выканаўчым камітэце, ААТ "Полацктранснафта Дружба" - 30 снежня 2010 года ў Наваполацкім гарадскім выканаўчым камітэце. Мясцовымі органамі ўлады таксама зацверджаны статуты арганізацый, якія з'яўляюцца пераемнікамі правоў і абавязкаў пераўтвораных рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў.-0-

БЕЛТА