16 сакавіка, Наваполацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Упершыню ў Віцебскай вобласці пройдзе адукацыйны форум для перспектыўнага кадравага рэзерву рэгіёна. Сёння ён пачынае сваю працу ў Наваполацку, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-цэнтры Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У перспектыўны кадравы рэзерв рэгіёна ўвайшлі студэнты вышэйшых навучальных устаноў і спецыялісты ва ўзросце да 31 года, якія валодаюць лідарскімі і арганізатарскімі задаткамі, маюць здольнасці да кіраўніцкай дзейнасці. Прынцыпы яго фарміравання закладзены ва ўказе № 354 "Аб рабоце з кіруючымі кадрамі ў сістэме дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый" ад 26 ліпеня 2004 года. Кардынальным адрозненнем гэтага рэзерву ад рэзерву кіруючых кадраў з'яўляецца тое, што ў апошнім лічацца ўжо фактычна адбыўшыяся кіраўнікі. Перспектыўны кадравы рэзерв складаецца з тых, хто яшчэ толькі выяўляе ў сабе задаткі будучага кіраўніка. Першапачаткова спісы перспектыўных кадраў фарміруюцца на ўзроўні дзяржаўных органаў і арганізацый: міністэрстваў, камітэтаў, аблвыканкамаў, канцэрнаў. Дзякуючы разнастайнасці, разнапланавасці гэтых арганізацый склад перспектыўнага кадравага рэзерву адрозніваецца шматпрофільнасцю, захаваннем гендарнага балансу, высокім адукацыйным узроўнем. У сваю чаргу Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь фарміруе зводную базу даных – Адзіны перспектыўны кадравы рэзерв рэспублікі. Галоўнай мэтай форуму стане навучанне, развіццё лідарскіх якасцей, кіраўніцкіх здольнасцей, пашырэнне кругагляду, умацаванне грамадзянскай пазіцыі асоб, уключаных у перспектыўны кадравы рэзерв Віцебскага аблвыканкама. Праграма мерапрыемства ўключае семінарскія і практычныя заняткі, а таксама наведванне ААТ "Нафтан" і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У Наваполацку сёння пройдзе пленарнае пасяджэнне форуму. Таксама выкладчыкі Акадэміі кіравання правядуць трэнінгі па прафесійна-асабісным росце і планаванні кар'еры, псіхалогіі прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў, пазнаёмяць з новымі тэхналогіямі ў рабоце з перспектыўнай моладдзю. А 17 сакавіка ўдзельнікі наведаюць ААТ "Нафтан" і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.