У гэты няпросты час ва ўстановы аховы здароўя дапамога пачала паступаць як з боку насельніцтва, так і тых, хто заняты прыватным бізнесам. Прыемна ўсведамляць, што адгукаюцца бізнесмены, нягледзячы на складаную сітуацыю ў іх дзейнасці.
У гэты няпросты час ва ўстановы аховы здароўя дапамога пачала паступаць як з боку насельніцтва, так і тых, хто заняты прыватным бізнесам. Прыемна ўсведамляць, што адгукаюцца бізнесмены, нягледзячы на складаную сітуацыю ў іх дзейнасці. І я з упэўненасцю магу сказаць, што робяць яны гэта, таму што хочуць дапамагчы, а не для рэкламы.
Нягледзячы на спад эканомікі, бізнес гатовы аказваць пасільную падтрымку медыкам. Тое, што яны робяць, — гэта каштоўны ўклад у агульную добрую справу. І асабліва прыемна бачыць такую згуртаванасць і неабыякавасць.
Так, напрыклад, дырэктар прыватнага прадпрыемства «Экаюнікон» Вадзім Евароўскі прыняў рашэнне дапамагчы ў пытанні забеспячэння ўстановы аховы здароўя «Лепельская ЦРБ» і аддзела па адукацыі райвыканкама сродкамі індывідуальнай абароны. Ён самастойна набыў тысячу медыцынскіх масак у Віцебскім індустрыяльна-педагагічным каледжы і аказаў спонсарскую дапамогу бальніцы. Акрамя гэтага, 300 масак ад бізнесмена накіраваны ў дашкольныя ўстановы нашага раёна.
Вадзім Васільевіч ужо не першы раз аказвае дапамогу аддзелу па адукацыі райвыканкама. Некалькі гадоў таму бізнесмен, загадзя абмеркаваўшы памеры, на КУВП «Віцебчанка» закупіў верхняе адзенне для дзяцей з малазабяспечаных сем'яў. Акрамя гэтага, у мінулым годзе ён наймаў фатографа для фотасесіі дзяцей у сацыяльна-педагагічным цэнтры і цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Таксама ім у Полсвіжскі яслі-сад была набыта мэбля для адной з груп. Такім чынам, можна сказаць, што паміж аддзелам па адукацыі райвыканкама і кіраўніком «Экаюнікон» наладжана цеснае сяброўскае супрацоўніцтва.
Сам Вадзім Васільевіч — з Віцебска, але гэта не перашкаджае яму працаваць на лепельскай зямлі і быць суўдзельнікам у добрай справе.
— Хацелася б, каб хутчэй скончылася гэтая пандэмія, — кажа бізнесмен. — Ведаючы, што ўсё магчымае робіцца медыцынскімі работнікамі, мы са свайго боку павінны таксама ўнесці свой уклад.
Я цалкам згодная з Вадзімам Васільевічам, бо аказаць дапамогу можа кожны. Нават невялікая сума ў дадзенай сітуацыі важная, таму што яна можа выратаваць чыёсьці жыццё. Цяпер, у гэты па-сапраўднаму цяжкі час, многае залежыць ад нас саміх.