АБСЕ патрэбна найсур'ёзнейшая мадэрнізацыя – А.Лукашэнка
3.12.20100 праглядаў
3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе мае патрэбу ў найсур'ёзнейшай мадэрнізацыі, каб адыгрываць ключавую ролю ў фарміраванні супольнасці бяспекі і стабільнасці ў рэгіёне адказнасці. Пра гэта заявіў 2 снежня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на саміце АБСЕ ў Астане, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
За 11 гадоў пасля Стамбульскага саміту адбыліся кардынальныя змены ў рэгіёне, у глабальным маштабе, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Свет сутыкнуўся з цэлым шэрагам новых выклікаў і пагроз, прынцыпова іншай стала геапалітычная канфігурацыя ў Еўропе.
"Я ўдзельнік ужо трэцяга саміту АБСЕ. На папярэдніх, думаю, і на гэтым мы прымалі і прымем добрыя рашэнні", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым, нягледзячы на значнасць гэтай работы, у яе актыў сёння, на жаль, запісаць няма чаго. "Наўрад ці трэба на гэтым этапе гаварыць, хто вінаваты. Трэба гаварыць, што рабіць", - лічыць Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што агульным інтарэсам адпавядае моцная агульнаеўрапейская архітэктура стабільнасці і бяспекі на аснове шырокага кансенсусу, сапраўднай салідарнасці, партнёрства і ўзаемнай павагі. АБСЕ можа і павінна адыграць ключавую ролю ў фарміраванні такой супольнасці бяспекі і стабільнасці. "Каб справіцца з гэтай задачай, сама арганізацыя мае патрэбу ў найсур'ёзнейшай мадэрнізацыі", - дадаў беларускі лідар.
"Мы перакананы ў неабходнасці прыняцця Статута і ператварэння АБСЕ ў паўнавартасную міжнародную арганізацыю. Інакш многія з прагучаўшых учора і сёння прапаноў аб новых задачах арганізацыі застануцца павіслымі ў паветры, як і папярэднія, - падкрэсліў ён. - Лічым важнымі далейшыя крокі па выпраўленні функцыянальных і геаграфічных перакосаў у рабоце нашай арганізацыі".
Па словах кіраўніка дзяржавы, трэба актывізаваць работу над удасканаленнем дзеючага інструментарыю АБСЕ ў галіне ўмацавання даверу і бяспекі. Адна з прыярытэтных задач - абнаўленне Венскага дакумента 1999 года. Беларусь прадставіла сваю комплексную прапанову па гэтым пытанні і разлічвае на яе падтрымку, адзначыў ён.
"Мы паслядоўна выступаем за стварэнне ў зоне адказнасці нашай арганізацыі адзінай сістэмы бяспекі. Гэта дапамагло б даць усім удзельнікам дакладныя і роўныя гарантыі ў гэтай галіне, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - У прыватнасці, лічым, што ядзерныя дзяржавы - удзельніцы АБСЕ маглі б ужо сёння прадаставіць неядзерным краінам-удзельніцам безумоўныя і недвухсэнсоўныя гарантыі бяспекі, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці. Учора Беларусь і Злучаныя Штаты прынялі тут, у Астане, сумесную заяву аб супольных мерах па прадухіленні ядзернага распаўсюджвання, пацвердзіўшы, у тым ліку, ужо існуючыя элементы гарантый. Гэта важны і канкрэтны ўклад у агульную справу стварэння бяспечнай Еўропы і свету".
Па словах кіраўніка дзяржавы, большая частка стратэгічных выклікаў перад краінамі датычыцца эканоміка-экалагічнай і энергетычнай бяспекі. "Прапануем распрацаваць і зацвердзіць ключавыя прынцыпы супрацоўніцтва ў сферы энергетычнай бяспекі, якія б прыводзілі да агульнага назоўніка інтарэсы вытворцаў, транзіцёраў і спажыўцоў", - падкрэсліў ён.
Беларусь таксама выступае за ўмацаванне ролі АБСЕ ў галіне абароны энергетычнай інфраструктуры, выкарыстання альтэрнатыўных і аднаўляльных крыніц энергіі, у забеспячэнні доступу ўсіх краін да перадавых тэхналогій у гэтай сферы, сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні закрануў таксама выбарчую тэматыку. На яго думку, АБСЕ неабходна выпрацаваць універсальныя стандарты ацэнкі выбараў.
"Многае сказана аб правах чалавека. Калі гаварыць на гэту тэму, трэба гаварыць сур'ёзна. Выбарчая праблематыка заўсёды навідавоку ў дзейнасці АБСЕ. І наогул АБСЕ часам з'яўляецца нейкай дубінай у чыіхсьці руках у перадвыбарны перыяд той ці іншай дзяржавы. Стандарты выбараў, пра якія гавораць прадстаўнікі і чыноўнікі АБСЕ, на жаль, у нас адсутнічаюць. Але спасылка пастаянна на гэтыя стандарты. Таму сёння трэба выпрацаваць стандарты выбараў, і яны павінны быць універсальнымі", – заявіў Прэзідэнт.
Па яго словах, было б лагічна папрацаваць у АБСЕ над зацвярджэннем агульных для ўсіх прынцыпаў назірання за прымяненнем стандартаў выбараў. "На гэту тэму ўжо ёсць прапановы шэрагу краін", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што адным з прыярытэтаў у сферы правоў чалавека з'яўляецца пытанне свабоды перамяшчэння. Ён нагадаў, што менавіта з гэтай тэмы фактычна пачалася АБСЕ. "У свой час у Хельсінкі, Мадрыдзе мы ўсе разам добраахвотна ўзялі на сябе цалкам недвухсэнсоўныя абавязацельствы па спрашчэнні міжасобасных кантактаў і свабоды перамяшчэння, - сказаў беларускі лідар. - Аднак сітуацыя значна горшая, чым 11 гадоў таму. Забюракратызаваныя, а парой і адкрыта прыніжаючыя чалавечую годнасць працэдуры атрымання віз, іх несуразмерны кошт з'яўляюцца істотнай перашкодай для свабоднага перамяшчэння і кантактаў паміж грамадзянамі нашых краін. Кантактаў, якія, як нішто іншае, спрыяюць росту ўзаемаразумення і даверу".
"Наша арганізацыя, дарэчы, называецца "па бяспецы і супрацоўніцтву". Як жа ў такіх умовах могуць супрацоўнічаць дзяржавы, калі многія людзі пазбаўлены кантактаў з-за візавых бар'ераў?" - задаў пытанне Прэзідэнт Беларусі.
Сярод ключавых прыярытэтаў арганізацыі ў гуманітарнай сферы павінна заставацца процідзеянне гандлю людзьмі - адзін з найважнейшых аспектаў абароны рэальных правоў чалавека, лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы. Ініцыятывы Беларусі па гэтым пытанні ў ААН добра вядомыя. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, АБСЕ, маючы даволі сур'ёзны экспертны і арганізацыйны патэнцыял, магла б унесці больш істотны ўклад у рэалізацыю Глабальнага плана дзеянняў ААН у гэтай галіне. "Перакананы, што сумеснымі намаганнямі мы зможам вывесці барацьбу з рабствам XXI стагоддзя на якасна новы ўзровень", - падкрэсліў ён.
"Хачу яшчэ раз паўтарыць, што для Рэспублікі Беларусь АБСЕ застаецца адной з ключавых арганізацый у сферы бяспекі на еўраатлантычнай прасторы і ў стварэнні зоны стабільнасці і ўстойлівага развіцця ў рэгіёне адказнасці. Беларусь не на словах, а на справе працуе над тым, каб узмацніць практычны багаж бяспекі і захавання інтарэсаў грамадзян нашых дзяржаў - ад ядзернага нераспаўсюджвання да абароны гуманітарных правоў. Мы гатовы і надалей аб'ядноўваць свае намаганні на гэтых напрамках з усімі партнёрамі ў АБСЕ", - заявіў беларускі лідар.Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Казахстану, Прэзідэнту і народу гэтай краіны за гасціннасць, якую яны праявілі падчас саміту. "Дазвольце выказаць таксама шчырую удзячнасць казахстанскаму старшынству ў АБСЕ, Прэзідэнту Казахстана за смеласць ініцыяваць і правесці гэты форум. Ведаю, як няпроста было пераадолець скептыцызм і недавер'е, якія гучалі з усіх бакоў", - сказаў ён.
Прэзідэнт таксама пажадаў Літве значных дасягненняў падчас яе старшынства ў АБСЕ ў 2011 годзе і дадаў, што Беларусь будзе рабіць усё ад яе залежнае, каб літоўскае старшынства увянчалася поспехам.
У другі дзень саміту ў Астане таксама адбылася двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з дзяржаўным сакратаром Ватыкана кардыналам Тарчызіа Бертонэ.
"Мы з вялікай увагай сочым, якім чынам беларуская дзяржава займаецца пытаннямі рэлігіі і, у прыватнасці, пытаннямі каталіцкай рэлігіі, - сказаў Тарчызіа Бертонэ. - Ключавым момантам таго, што паміж нашымі краінамі склаліся даверлівыя адносіны, з'яўляецца пагадненне, над якім мы зараз працуем".
У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў бакоў "няма прынцыповых разыходжанняў, цяжкасцей, складанасцей". Усе пытанні, што ўзнікаюць, паспяхова вырашаюцца. "Але, тым не менш, можа, ёсць праблемы, прэтэнзіі да нас па пазначаных раней тэмах? Мы гатовыя ў тэрміновым парадку іх разглядаць", – дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка падарыў Тарчызіа Бертонэ выдадзеную ў Беларусі Біблію. "Ведаем, што ў кардынала Бертонэ сёння двайное свята: дзень нараджэння і 50-годдзе пасвячэння ў сан. Таму мы спецыяльна прывезлі Вам Біблію", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Перад адлётам у Мінск Прэзідэнт Беларусі адказаў на пытанні журналістаў розных дзяржаў.
У прыватнасці, прадстаўнікам грузінскіх СМІ Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь зацікаўлена ў мірным вырашэнні канфлікту ў Грузіі. "Мы абсалютна мірныя людзі, мы хацелі б, каб нашы браты ў Грузіі (мы ж жылі ў адной дзяржаве, і расіяне, і грузіны), усё ж такі знайшлі мірнае вырашэнне гэтага канфлікту, каб там сітуацыя нарэшце супакоілася", – сказаў ён.
Ён падкрэсліў, што гэты канфлікт не дадае стабільнасці на Каўказе, і Беларусь хацела б, каб там людзі жылі годна. "Яны гэтага заслугоўваюць", – дадаў Прэзідэнт.У інтэрв'ю казахстанскаму тэлеканалу "7-ы канал" Прэзідэнт Беларусі аддаў належнае казахстанскаму боку, падкрэсліўшы, што саміт быў арганізаваны на самым высокім узроўні. Не было ніякіх праблем, і нішто не перашкаджала працы форуму. Ён таксама адзначыў, што правядзенне саміту з'яўляецца найвышэйшай планкой, якую сам сабе ўстанавіў і ўзяў Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заявіў, што "не ў захапленні ад працы саміту АБСЕ". "Я не хацеў бы ацэньваць працу саміту, таму што гэта ўжо наша адказнасць - усіх членаў АБСЕ. Я не ў захапленні ад гэтай працы", - сказаў ён.
Што тычыцца працы АБСЕ, Аляксандр Лукашэнка выступіў з крытыкай шэрагу момантаў у яе дзейнасці. "Скажыце, што гэта за арганізацыя, якая не мае свайго статута. Што гэта за арганізацыя, якая да гэтага часу не можа вырашыць ні аднаго пытання, а бо рашэнні прымаліся ёю, адназначныя рашэнні", - сказаў ён.
Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама адзначыў, што АБСЕ не справілася са сваёй задачай у пытанні вырашэння рэгіянальных канфліктаў. "А ў сувязі з тым, што не вырашаюцца гэтыя замарожаныя канфлікты (Прыднястроўе, Нагорны Карабах), з'яўляюцца новыя - такія, як у Грузіі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што ў АБСЕ існуе некалькі напрамкаў дзейнасці, галоўнае з якіх - бяспека. Даволі мала ўдзяляецца ўвагі эканамічнаму супрацоўніцтву ва ўмовах крызісу.
Што тычыцца "трэцяй кошыка" АБСЕ - гуманітарнага вымярэння (дэмакратыя, правы чалавека і г.д.), то, па словах Аляксандра Лукашэнкі, у працы арганізацыі намяціўся перакос менавіта ў гэты бок. "Усе чамусьці рынуліся ў выбарчую тэматыку, дэмакратыю, правы чалавека. Дарэчы, правы чалавека разумеюць занадта аднабакова. Ніхто не сказаў пра правы чалавека як пра годнае жыццё, дастатковы заробак, нармальную працу і г.д., што, дарэчы, у Беларусі і Казахстане вырашана не горш, чым у некаторых краінах, якія прысутнічалі на саміце", - сказаў беларускі лідар.
Кажучы пра тэматыку выбараў у працы АБСЕ, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым пытанні пастаянна гавораць аб нейкіх выбарчых стандартах. "Ну а дзе гэтыя стандарты, хто іх выпрацоўваў, - задаў ён рытарычнае пытанне. - Прыязджаюць чыноўнікі і пачынаюць вучыць Казахстан, Узбекістан, Беларусь, яшчэ кагосьці гэтым выбарчым тэхналогіям". "Гэта значыць, намяціўся дзіўны перакос", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.Паводле яго слоў, калі б людзі былі ўцягнуты ў дыялог, як на вышэйшым узроўні, так і проста на ўзроўні народнай дыпламатыі, калі б вырашаліся праблемы бяспекі, эканомікі, то, напэўна, адпала б вастрыня і гэтага "трэцяга кошыка" АБСЕ, які ўключае гуманітарнае супрацоўніцтва.
"Кожны народ мае права выбіраць свой шлях развіцця. Я думаю, якраз у Казахстане з гэтым пагодзяцца. Думаю, што асобным членам АБСЕ пара б гэта зразумець і прыняць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Адказваючы на пытанне аб двухбаковым супрацоўніцтве Беларусі і Казахстана, ён адзначыў, што паміж дзвюма краінамі існуе звыш 30 сумесNых праектаў. У большасці сваёй гэта праекты, якія рэалізуюцца на тэрыторыі Казахстана. Што тычыцца энергетычнага супрацоўніцтва, то беларускі лідар сказаў: "Міласці просім, з вялікім задавальненнем". Паводле яго слоў, Беларусь на сваіх НПЗ будзе перапрацоўваць казахстанскую нафту. "І нафтапрадукты пасля яе перапрацоўкі на нашых заводах разам з вамі будзем пастаўляць на еўрапейскі, расійскі, беларускі, украінскі рынкі", - дадаў ён.
Гаворачы аб функцыянаванні Мытнага саюза, Прэзідэнт адзначыў: "Гэта таксама вельмі сур'ёзнае супрацоўніцтва". Ён разлічвае, што пры пераходзе да ЕЭП існуючыя пытанні будуць значна прасцей вырашацца. "Ёсць у нас неразуменне з расійскім бокам, але раз ужо пайшлі на фарміраванне ЕЭП, трэба разумець, што ўсё тут павінна быць падпарадкавана галоўнай ідэі - свабодзе руху тавараў, працоўнай сілы, капіталаў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар адзначыў, што ў гэтым аспекце супрацоўніцтва бакі робяць толькі першыя крокі, і пакуль надзей больш, чым эфектыўнасці. Тым не менш, паводле яго слоў, на першым этапе работы Мытнага саюза, прынамсі на ўзроўні прыняцця рашэнняў, узгадненняў, праблем не ўзнікае, а калі яны ёсць, то вырашаюцца на ўзроўні экспертаў і членаў Камісіі МС. "Галоўнае зараз - ад гэтай першай стадыі перайсці да ЕЭП", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Што тычыцца візавага пытання, Прэзідэнт падкрэсліў, што для Беларусі гэта не праблема: "Гэта пытанне да еўрапейцаў. Мне здаецца, што мы абсалютна не далёка ад вырашэння гэтых праблем". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, еўрапейцы таксама зацікаўлены ў свабодным перамяшчэнні па Беларусі і далей у Расію і Казахстан. "Таму, я думаю, яны прымуць адпаведныя рашэнні", - дадаў ён.Журналісты таксама пацікавіліся меркаваннем кіраўніка беларускай дзяржавы аб тым, якія якасці важныя для сучаснага палітыка. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ён павінен быць прынцыповым і шчырым. "Чаго нам не хапае ў палітыцы - гэта шчырасці. Гэта я б паставіў на першае месца", - сказаў Прэзідэнт.-0-
БЕЛТА