У аграгарадку Дабрамыслі Лёзненскага раёна будзе створаны практыка-арыентаваны навучальны экалагічны цэнтр з акцэнтам на асновы бяспечных паводзін дзяцей на прыродзе. Ініцыятыва рэалізуецца па праекце "Залучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у Беларусі ў партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА менеджэр ініцыятывы Дзмітрый Рачкоўскі.
Аўтарам ініцыятывы выступіла Віцебская абласная арганізацыя БТЧК з мэтай захавання унікальнага Бабінавіцкага заказніка. Праект прадугледжвае стварэнне сістэмы навучання дзяцей бяспечным і экалагічна дружалюбным паводзінам на прыродзе і маніторынгу навакольнага асяроддзя. Каб гэтая сістэма навучання і маніторынгу працавала, будзе створаны практыка-арыентаваны навучальны экалагічны цэнтр. У яго ўвойдуць аб'екты, якія знаходзяцца на тэрыторыі дабрамыслінскіх ясляў-сада "Ялінка", дабрамыслінскай сярэдняй школы і Бабінавіцкага заказніка.
Дзякуючы гэтаму дзеці з самых ранніх гадоў пазнаёмяцца з рознымі крыніцамі энергіі, структурай спажывання электраэнергіі і вады, спосабамі іх эканоміі, даведаюцца аб крыніцах адходаў і спосабах іх мінімізацыі, перапрацоўкі і другаснага выкарыстання. Школьнікі ж атрымаюць магчымасць паглыбіць свае веды аб відавой разнастайнасці флоры і фаўны, удзельнічаць у захаванні і павелічэнні біяразнастайнасці, экалагічным маніторынгу.
Важнай асаблівасцю ініцыятывы стане яе накіраванасць на бяспечныя паводзіны дзяцей і падлеткаў на прыродзе і прафілактыку дзіцячага траўматызму, а таксама ўхіл на інфармацыйна-грамадскую працу па прыцягненні да экалагічна дружалюбнага ладу жыцця паблізу Бабінавіцкага заказніка (прыборцы несанкцыянаваных звалак, інфармаванню жыхароў Лёзненскага раёна аб неабходнасці аховы відаў флоры і фаўны, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і супрацьпажарных пытаннях).
Уводны семінар па запуску ініцыятывы адбудзецца сёння. Тэрмін рэалізацыі праекта - каля 1,5 года.