Інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Лепельскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Фёдаравіч правяла навучальныя мерапрыемствы з малышамі з дзіцячага сада №4 і №9 горада Лепеля.
Інспектар МНС правяла з дашкольнікамі тэматычную гутарку, прысвечаную асновам бяспекі жыццядзейнасці, падчас якой хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі ўважліва слухалі, але і дружна адказвалі на пастаўленыя пытанні. Дашкольнікі строга-строга засвоілі, што запалкі дзецям не цацка, а месцы для гульняў павінны быць бяспечнымі.
У ходзе заняткаў дзеці дружна пагулялі ў гульню «Вуліца. Дым. Пажар», вывучылі, як правільна эвакуіравацца пры задымленні і, што нельга ні ў якім выпадку панікаваць і хавацца пры пажары. Таксама малышы актыўна ўдзельнічалі ў гульні «Небяспечна-бяспечна».
Выхаванцам дзіцячага сада №9 горада Лепеля пашчасціла здзейсніць касмічнае падарожжа на планету Баламуція, дзе яны ўвесь час пераадольвалі цяжкасці, ратуючы жыхароў розных планет.
Мерапрыемствы прайшлі «на адным дыханні»: дзеці паказалі не толькі свае веды, але і папоўнілі свой «заплечнік бяспекі» новымі ўменнямі і ведамі.