У рамках акцыі «Павага. Клопат. Адказнасць» напярэдадні Дня пажылых людзей інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Лепельскага РАНС Таццяна Фёдаравіч правяла навучальнае мерапрыемства «Сакрэт бяспекі» для грамадзян срэбнага ўзросту і людзей з інваліднасцю.
Прысутныя даведаліся, што распаўсюджанай прычынай пажараў з'яўляецца забытая ежа на пліце. Зразумелі, што электрычныя прыборы маюць умоўныя тэрміны эксплуатацыі і небяспечна пакідаць іх у рэжыме «чакання», а зараджаць тэлефоны ў начны час небяспечна.
У інтэрактыўным фармаце нагадалі і простыя правілы пажарнай бяспекі: як прадухіліць узгаранне і як аператыўна адрэагаваць на надзвычайнае здарэнне. Азнаёміліся таксама з прынцыпам дзеяння пажарнага апавяшчальніка.
— Такія сустрэчы нас не толькі радуюць, але і вельмі карысныя, – распавядае Ларыса Скавародка. – Традыцыйныя мерапрыемствы, якія праводзяцца для нас ратавальнікамі, заўсёды цікавыя, мы даведваемся нешта новае, не толькі набываем веды, але і напрацоўваем пэўныя навыкі.
Таксама госцем у аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН Лепельскага раёна стаў благачынны Лепельскай акругі протаіерэй Сергій Лешкевіч.
Айцец Сергій распавёў пра свята, якое хутка адзначае праваслаўная царква — Уздзвіжанне Святога і Жыццетворнага Крыжа Гасподняга, яго паходжанне, сэнс і значэнне для кожнага хрысціяніна.
Пагаварылі і на тэму «Што такое любоў да бліжняга?» Бог ёсць любоў. Калі ў нас жыве Бог, калі сэрца мірнае, калі мы бачым прыгажосць Божую вакол сябе і ў бліжніх, калі дзякуем, калі цэнім тое, што маем, калі стараемся жыць так, каб нікому не прычыніць шкоды, нікога не засмуціць і не збянтэжыць, — тады і людзям побач з намі добра.
Сустрэча прайшла ў сяброўскай атмасферы, кожны яе ўдзельнік унёс з сабой важныя веды і добры настрой.