3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чарга на жыллё ў рэгіёнах Беларусі ў наступнай пяцігодцы значна зменшыцца. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Аляксандр Селязнёў. У адпаведнасці з праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады, аб'ёмы штогадовага жыллёвага будаўніцтва плануецца павялічыць да 2015 года да 10 млн. кв.м. "Гэта 1 кв.м на аднаго жыхара рэспублікі ў год. Ніводная дзяржава постсавецкай прасторы не выходзіць на такія паказчыкі", - адзначыў Аляксандр Селязнёў. "З улікам павелічэння будаўніцтва даступнага жылля я лічу, што за пяцігодку ў рэгіёнах рэспублікі чарга на жыллё будзе практычна зведзена на нішто. Вядома, яна не ліквідуецца, але стане мінімум у два разы меншай", - дадаў міністр. У жніўні гэтага года Мінбудархітэктуры Беларусі ўнесла прапанову аб адмене інстытута паручальніцтва пры атрыманні крэдыту на жыллёвае будаўніцтва. "У Беларусі асноўная маса жыллёвых крэдытаў бярэцца пад паручальніцтва іншых фізічных асоб, а заклад з'яўляецца толькі дадатковым забеспячэннем. Сёння для таго, каб атрымаць льготны крэдыт, чалавеку трэба знайсці паручальнікаў. Мы прапануем для гэтай катэгорыі грамадзян (60-70% ад агульнага будаўніцтва) адмяніць механізм паручальніцтва", - распавёў міністр. Бо ў выпадку непагашэння крэдыту кватэра сыходзіць на рэалізацыю па рынкавай цане і банк нічога не губляе, растлумачыў Аляксандр Селязнёў. Акрамя таго, для малазабяспечаных грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пачнецца будаўніцтва дамоў арэнднага тыпу, якія будуць здавацца на правах доўгатэрміновай арэнды. Зараз пры будаўніцтве кватэры чалавек павінен разлічыцца за яе адразу, для чаго ён і бярэ крэдыт. Жывучы ў арэндным доме, ён будзе плаціць арэндную плату. Арэнднае жыллё выкарыстоўваюць ва ўсім свеце, і гэта даволі добры механізм, адзначыў Аляксандр Селязнёў. Па яго словах, будаўніцтва першага арэнднага дома плануецца пачаць ужо ў 2011 годзе. Спачатку гэты механізм будзе апрабаваны ў Мінску. Першыя арэндныя дамы, хутчэй за ўсё, будуць пабудаваны ў сталічных мікрараёнах Дружба або Каменная Горка. "У бліжэйшы час гэта будзе вызначана", - удакладніў міністр.-0-

БЕЛТА