20 верасня, Лепель /Соб.інф./. Выйшла фундаментальная кніга пад назвай «Нарысы гісторыі Лепельшчыны» — падарунак да Дня горада ад раённага выканаўчага камітэта і краязнаўчага музея.
20 верасня, Лепель /Соб.інф./. Выйшла фундаментальная кніга пад назвай «Нарысы гісторыі Лепельшчыны» — падарунак да Дня горада ад раённага выканаўчага камітэта і краязнаўчага музея.
Чым адрозніваецца новая кніга ад кнігі «Памяць», якая выйшла ў свет у 1999 годзе? Папярэдняе выданне — гэта гісторыка-дакументальная хроніка. Цяперашняе ж складаецца са артыкулаў, якія нідзе раней не публікаваліся, а закранутыя тэмы прадстаўлены ў больш разгорнутым выглядзе.
Над нарысамі працавалі 14 аўтараў, у тым ліку дырэктар краязнаўчага музея Аліна Стэльмах і захавальнік фондаў Таццяна Шлег.
Праца заняла каля двух гадоў. Каб сабраць неабходны матэрыял, давялося перачытаць розныя крыніцы з віцебскіх і мінскіх архіваў, скарыстацца звесткамі краязнаўчых і фальклорных экспедыцый. Сярод тых, хто зацікавіўся раённым праектам — кандыдат гістарычных навук з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава Галіна Якаўлева. Менавіта з яе звароту да чытачоў пачынаецца кніга: «Веданне гісторыі сваёй краіны і любоў да сваёй малой радзімы — неад'емная частка нацыянальнай самасвядомасці і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі».
Значнае месца ў «Нарысах гісторыі Лепельшчыны» займае рэлігійная тэматыка. Апісваюцца Лепельскі касцёл, Губінскі касцёл і прыход, праваслаўныя цэрквы, стараверы Лепельшчыны. Набыць зборнік можна будзе ў кніжным аддзеле і на другім паверсе ўнівермага.
Т. БУНЕЕВА.