28 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адзін чалавек загінуў і пяцёра траўмаваны ў ДТЗ, якое адбылося 27 лістапада ў Лепельскім раёне. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзела арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння і прапаганды бяспекі дарожнага руху УДАІ МУС Ганна Банадык.
Кіроўца аўтамабіля "Форд" не справіўся з кіраваннем, выехаў на сустрэчную паласу і лоб у лоб сутыкнуўся з мінівэнам "Крайслер", які ад удару адкінула ў "Фальксваген", што рухаўся ў спадарожным кірунку. У выніку аварыі пяць чалавек (трае пасажыраў мінівэна і кіроўца, а таксама пасажыр "Форда") з траўмамі змешчаны ў раённую бальніцу. Яшчэ адзін пасажыр "Форда" (26-гадовы жыхар Лепеля) загінуў.
Раніцай таго ж дня ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці 17-гадовы навучэнец электратэхнічнага каледжа, праязджаючы на аўтамабілі "Аўдзі" міма мужчыны, які ішоў у спадарожным кірунку па краі абочыны, не разлічыў габарыты сваёй машыны і збіў пешахода. Ад атрыманых траўм 39-гадовы мужчына сканаў на месцы. Вадзіцельскіх правоў юнак не меў.
Усяго, па словах Ганны Банадык, за мінулыя пятніцу і выхадныя дні ў рэспубліцы зарэгістравана 915 ДТЗ з матэрыяльным ушчэрбам. У 57 аварыях загінулі 9 чалавек, яшчэ 61 атрымаў раненні. Усяго супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі выяўлена 19,5 тыс. парушэнняў ПДР. За кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап'янення затрымана 442 кіроўцы. Больш за 4,3 тыс. кіроўцаў аштрафаваны за перавышэнне хуткасці.-0-
БЕЛТА
Адзін чалавек загінуў і пяцёра траўмаваныя ў ДТЗ у Лепельскім раёне
28.11.20110 праглядаў