20 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Аднадзённая выстава рарытэтаў праходзіць сёння ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, дзе праходзіць выстава.
Экспазіцыя, прысвечаная 95-годдзю ўтварэння музея, уключае каля 100 рарытэтаў з больш чым 30 калекцый, сабраных у гэтай установе культуры. У лік прадстаўленых прадметаў увайшлі сярэбраны рыцарскі пояс XVII стагоддзя, сярэбраны посуд з рэчавога скарбу (XIX ст.), рэдкія ўзнагароды Расійскай Імперыі і замежных дзяржаў другой паловы XIX - пачатку XX стагоддзяў, сапраўдная бяроставая грамата (канец XIII - пачатак XIV стагоддзя), арыгінальныя лісты асабістага характару на польскай мове вядомага літаратара Яна Баршчэўскага, лісты Васіля Быкава родным з фронту (1944-1945 гг.), пячатка дваранскага збору Віцебскай губерні (канец XVIII ст.), разнастайныя жаночыя ўпрыгожанні з золата, срэбра і каштоўных камянёў (XIX-XX стст.) і інш.
"Ідэя гэтай выставы ўзнікла спантанна. У падрыхтаваную ў сціслыя тэрміны экспазіцыю ўключаны найбольш цікавыя, каштоўныя, унікальныя прадметы з фондаў музея. Кароткачасовасць правядзення выставы заклікана падкрэсліць унікальнасць сабраных разам рарытэтаў, убачыць якія можна ў розны час у складзе розных калекцый", - падкрэслілі ў музеі.
Раней у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі праводзіліся выстава аднаго прадмета, начныя выставы. Выстава аднаго дня праводзіцца ўпершыню. У музеі адзначылі, што ў далейшым маюць намер працягнуць такія формы работы.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)