20 снежня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Каля 500 Дзядоў Марозаў сёння дапамогуць жыхарам Віцебска запаліць агні галоўнай гарадской ёлкі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама.
Святочнае карнавальнае шэсце казачных персанажаў узначаліць экіпаж галоўнага Дзядулі Мароза горада, запрэжаны коннай тройкай. За ім пройдзе духавы аркестр Дзядоў Марозаў і картэж "Навагодніка". Акрамя паўсотні пар Дзядоў Марозаў і Снягурак па галоўнай гарадской вуліцы пройдуць калядныя і казачныя персанажы, героі мультфільмаў. Дзеянне збярэ больш за 2 тыс. удзельнікаў, якіх каля галоўнай ёлкі на плошчы Перамогі сустрэнуць жыхары і госці абласнога цэнтра.
На галоўнай плошчы горада адбудзецца тэатралізаванае прадстаўленне з гульнявой праграмай. Юныя жыхары абласнога цэнтра, якія праявілі сябе ў спорце, творчасці, вучобе, атрымаюць падарункі ад Дзядулі Мароза. Цэнтральнай падзеяй свята стане акцыя "Запалім ёлку разам" - ад бенгальскіх агнёў і цяплыні сэрцаў запаліцца факел Дзядулі Мароза, а затым добры чараўнік уключыць навагоднюю ілюмінацыю ва ўсім горадзе. Завершыцца свята вясёлым карагодам вакол прыгажуні-ёлкі і канцэртна-забаўляльнай праграмай. -0-