23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уведзенае ў Беларусі павелічэнне тэрмінаў рэзервавання сродкаў для набыцця валюты ў бліжэйшы час будзе адменена. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч. У адпаведнасці з рашэннем праўлення ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа" з 16 сакавіка 2011 года тэрмін рэзервавання сродкаў у беларускіх рублях на набыццё замежнай валюты на біржавых таргах быў часова павялічаны да 30 каляндарных дзён. Адпаведны ліст быў накіраваны ў беларускія банкі 15 сакавіка. Мэтай прынятага рашэння стала кансалідацыя асноўнага аб'ёму попыту і прапановы суб'ектаў гаспадарання на пазабіржавым валютным рынку. Гэта дазволіла павялічыць ролю рынкавых механізмаў выраўноўвання попыту і прапановы, прывяло да павышэння эфектыўнасці палітыкі інтэрвенцый Нацыянальнага банка на ўнутраным валютным рынку, а таксама павялічыла магчымасці па больш эфектыўным размеркаванні і выкарыстанні валютных рэсурсаў у эканоміцы. Пры гэтым захавалася магчымасць свабоднага набыцця замежнай валюты суб'ектамі гаспадарання як на біржавым, так і на пазабіржавым рынку, а таксама свабоднага распараджэння наяўнымі валютнымі рэсурсамі і валютнай выручкай, якая паступае, для разлікаў па абавязацельствах у межах здзяйсняемых знешнегандлёвых і фінансавых аперацый. Бесперабойнае задавальненне попыту насельніцтва на замежную валюту забяспечвалася банкамі як за кошт уласных сродкаў, так і, пры неабходнасці, праз набыццё для гэтых мэт замежнай валюты ў Нацыянальнага банка. 22 сакавіка Нацбанк Беларусі адмяніў дзеянне гэтага ліста. Такім чынам, банкі могуць задавальняць попыт насельніцтва за кошт уласных валютных сродкаў або набываць валюту для абменнікаў на біржы. "Ніякіх пытанняў у частцы насельніцтва быць не павінна: мы не мяняем правілы набыцця/продажу валюты, мы не мяняем умовы, не ўводзім ніякіх валютных абмежаванняў. І ніякіх новых валютных абмежаванняў у бліжэйшы час не будзе, - сказаў Пётр Пракаповіч. - Мы, наадварот, сёння-заўтра прымем рашэнне аб зняцці нашых абмежаванняў па рэзерваванні сродкаў для набыцця валюты".