Мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава адзначае свой 60-гадовы юбілей. Сёння ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва (ВЦСМ) адкрылася выстава работ выпускнікоў факультэта розных гадоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Падчас святкавання юбілейнай даты адкрыліся тры выставы. Учора ў Мастацкім музеі паказалі карціны майстроў старэйшага пакалення, таксама свае работы прадставіў публіцы адзін з першых выпускнікоў факультэта акварэліст Фелікс Гумен. Сёння выставу выпускнікоў худграфа - дзеючых мастакоў адкрылі ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва. У экспазіцыі каля 100 работ - тут не толькі жывапіс, але і скульптура.
Дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва худграфа Сяргей Сотнікаў адзначыў, што акрамя Віцебска свае творы даслалі выпускнікі з розных гарадоў Беларусі - Пінска, Гродна, Брэста, Мінска, Гомеля, Маладзечна, Полацка. "Разам з мастаком, дырэктарам ВЦСМ Андрэем Духоўнікавым такі праект мы рэалізавалі да 50-годдзя факультэта. Да чарговай юбілейнай даты вырашылі працягнуць, - распавёў куратар выставы. - Аўтары твораў - дзеючыя мастакі, многія выкладаюць у школах і ВНУ. Худграф ім даў добрую базу, і яны змаглі развіць свае творчыя здольнасці. Іх работы розныя, у кожнага свой погляд, гэта толькі ўпрыгожвае экспазіцыю".
Выстава будзе працаваць да 13 кастрычніка.
Святкаванне юбілею факультэта не абмяжоўваецца творчымі праектамі. Так, учора тром вучоным прысудзілі званне "Ганаровы прафесар ВДУ імя П.М. Машэрава". Сярод іх былы рэктар ВНУ доктар педагагічных навук Віктар Вінаградаў, гендырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў і доктар педагагічных навук старшыня Аб'яднання педагогаў-мастакоў Даўгаўпілса (Латвія) Аляксандра Шляхова.
Мастацка-графічны факультэт створаны 1 верасня 1959 года на базе Віцебскага мастацка-графічнага педагагічнага вучылішча. Ён стаў захавальнікам і прадаўжальнікам традыцый Віцебскай мастацкай школы, якая адлічвае сваю гісторыю з 1918 года - тады ў горадзе Маркам Шагалам было адкрыта Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. За гады працы худграф падрыхтаваў тысячы педагогаў, мастакоў, вучоных, мастацтвазнаўцаў, работнікаў устаноў культуры.