24 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каля 100 ратавальнікаў прымуць удзел у чэмпіянаце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі па лыжных гонках, які будзе праходзіць у Наваполацку з 26 па 28 студзеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў цэнтры прапаганды і навучання пры абласным упраўленні МНС.
Спаборніцтвы збяруць 11 каманд, якія прадставяць усе абласныя ўпраўленні, рэспубліканскія падраздзяленні і навучальныя ўстановы міністэрства. Ратавальнікі будуць выяўляць наймацнейшых па 5 відах спаборніцтваў. У праграму чэмпіянату ўключаны спрынтарская гонка на дыстанцыю 1,2 км, індывідуальныя мужчынскія гонкі на 5 і 10 км, а жанчыны пазмагаюцца на дыстанцыі 5 км. Фінальным акордам першынства стане эстафета 4 па 5 км. Пераможцы і прызёры па традыцыі будуць узнагароджаны прызамі і каштоўнымі падарункамі. Па выніках першынства лепшыя лыжнікі ўвойдуць у склад зборнай МНС для ўдзелу ў чэмпіянаце БФСТ "Дынама" па лыжных гонках.
Віцебская вобласць ужо ў сёмы раз будзе прымаць спаборніцтвы МНС па лыжных гонках, але ўпершыню старты арганізуюцца ў Наваполацку на базе наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву. На думку спецыялістаў, гэта звязана з высокай якасцю падрыхтоўкі трасы ў Наваполацку і з больш развітой інфраструктурай арганізацыі падобных спаборніцтваў, што дазваляе разлічваць на высокія вынікі ўдзельнікаў. У неафіцыйным статусе фаварытаў на старт выйдуць адразу некалькі зборных, у тым ліку віцебскага абласнога і мінскага гарадскога ўпраўленняў, а таксама інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі МНС.-0-
БЕЛТА
Каля 100 спартсменаў выйдуць на старт чэмпіянату МНС па лыжных гонках у Наваполацку
24.1.20110 праглядаў