2 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Зімовая спартакіяда па дапрызыўнай падрыхтоўцы сабярэ сёння ў Віцебску навучэнцаў сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў горада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле па справах моладзі і абаронна-мабілізацыйнай працы Віцебскага гарвыканкама. Удзельнікамі мерапрыемства, якое праводзіцца трэці раз і ўпершыню – зімой, стануць каля 100 маладых людзей ва ўзросце 16-18 гадоў. Юнакам трэба будзе прадэманстраваць валоданне страявой падрыхтоўкай у конкурсе "Прыгожы ў страі – адважны ў баі", выканаць падцягванні на перакладзіне, комплекс сілавых практыкаванняў, стральбу з пнеўматычнай вінтоўкі, апрананне процівагаза ў складзе аддзялення, разборку, зборку аўтамата Калашнікава, зараджанне магазіна патронамі, гэта значыць, у поўнай меры паказаць усе ўменні і навыкі, якімі павінен валодаць абаронца Айчыны. Таксама пройдзе конкурс камандзіраў аддзяленняў "Веды – сіла". Пераможцы будуць вызначаны ў камандным заліку, а таксама адзначаны лепшы ўдзельнік у конкурсе сілавых практыкаванняў. Акрамя ганаровых дыпломаў і прызоў, каманда-лідар спаборніцтваў атрымае пераходны кубак спаборніцтваў. Мерапрыемства праводзіцца з мэтай прапаганды і павышэння прэстыжу службы ва Узброеных Сілах Беларусі сярод дапрызыўнай моладзі, выхавання патрыятызму і высокіх маральных якасцей, неабходных будучым абаронцам Айчыны, а таксама папулярызацыі здаровага ладу жыцця. Арганізатарамі спартакіяды выступаюць аддзел па справах моладзі і абаронна-мабілізацыйнай працы і аддзел адукацыі Віцебскага гарвыканкама, Віцебскі аб'яднаны гарадскі ваенкамат, гарадскі аддзел БРСМ, абласная структура ДТСААФ, в/ч №52287.-0-

БЕЛТА