27 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 14 тыс. уладальнікаў асабістай зброі зарэгістравана ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва УУС Віцебскага аблвыканкама. У карыстанні гэтых грамадзян знаходзіцца амаль 16 тыс. адзінак рознай грамадзянскай зброі (газавая, паляўнічая, спартыўная, агнястрэльная). Усе ўладальнікі зброі пастаянна знаходзяцца ў полі зроку праваахоўных органаў. Так, за студзень-верасень за парушэнні правілаў абароту зброі, у асноўным звязаныя з парушэннямі правілаў захоўвання, несвоечасовым падаўжэннем ліцэнзіі, няспраўнасцю і г.д., да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута каля 300 жыхароў рэгіёна. З 31 кастрычніка па 4 лістапада ў вобласці пройдзе рэспубліканская акцыя "Арсенал", накіраваная на процідзеянне незаконнаму абароту зброі, боепрыпасаў, выбуховых прылад і выбуховых рэчываў. Супрацоўнікі міліцыі засяродзяць намаганні на выяўленні асоб, якія захоўваюць зброю і боепрыпасы без адпаведнага дазволу. Крымінальная адказнасць за незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў прадугледжвае пакаранне аж да пазбаўлення волі тэрмінам на 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Пры гэтым грамадзяне, якія добраахвотна здалі незаконна захоўваемыя зброю і боепрыпасы ў органы ўнутраных спраў, ад адказнасці вызваляюцца. У бягучым годзе рэспубліканская акцыя "Арсенал" ужо праводзілася ў сакавіку-красавіку. За гэты перыяд на тэрыторыі Віцебскай вобласці з незаконнага абароту выведзена больш за 400 адзінак незарэгістраванай зброі і каля 20 тыс. боепрыпасаў.-0-

БЕЛТА