19 красавіка, Віцебск /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Каля 15% даходнай часткі кансалідаванага бюджэту Віцебскай вобласці фарміруе малы і сярэдні бізнес. Пра гэта сёння на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў конкурсу "Лепшы прадпрымальнік 2011 года Віцебскай вобласці" паведаміў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Прыватны бізнес у Беларусі ідзе па шляху станаўлення, для яго адкрыты шырокія магчымасці для развіцця", - упэўнены намеснік старшыні аблвыканкама. У пацвярджэнне сваіх слоў ён паведаміў, што 9,4% аб'ёмаў прамысловай прадукцыі ў Віцебскай вобласці прыпадае на малы бізнес. Тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці ў 2011 годзе склаў 217% пры сярэднім паказчыку па вобласці 214%. Прыбытак прыватнага бізнесу ацэньваецца ў Вr850 млрд. Прыватнікі экспартавалі прадукцыі на $1 млрд. і дамагліся станоўчага сальда знешняга гандлю. На прадпрыемствах малога і сярэдняга бізнесу працуюць 19% занятых у народнай гаспадарцы. Як падкрэсліў Алег Мацкевіч, улады і далей будуць спрыяць развіццю і падтрымцы прыватнай ініцыятывы, стымуляваць дзелавую актыўнасць. Так, толькі ад зніжэння падатковай нагрузкі ў бягучым годзе прадпрыемствы змогуць дадаткова атрымаць Br200 млрд. Акрамя таго, працягнецца дзяржаўная падтрымка бізнесу. У мінулым годзе ў вобласці малому бізнесу было выдзелена бюджэтных пазык на Вr2,5 млрд., каля Br1 млрд. было накіравана на льготнае крэдытаванне прыватных праектаў. У бягучым годзе на крэдытаванне малога бізнесу будзе накіравана Br5 млрд. Разам з тым Алег Мацкевіч адзначыў, што прыватнаму бізнесу трэба праяўляць больш ініцыятывы, прапаноўваць прарыўныя праекты. Лепшыя прадпрымальнікі вобласці вызначаны ў дзесяці намінацыях. Сярод іх сумесны таварыства з абмежаванай адказнасцю "Завод "Нодвиг" з Полацка, якое вырабляе электрарухавікі пераменнага току, СТАА "ЛЛК-Нафтан", якое выпускае масла. У Віцебскай вобласці на пачатак года працуюць 25 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў і 8,2 тыс. юрыдычных асоб.-0-

БЕЛТА