26 ліпеня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі плануе прыцягнуць каля $15 млн. у выглядзе міжнароднай фінансавай дапамогі на выкананне шасці новых прыродаахоўных праектаў. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе міністэрства. "Для прыцягнення інвестыцый за першае паўгоддзе гэтага года Мінпрыроды правяло больш за 40 сустрэч і кансультацый з экспертамі замежных кампаній і прадстаўнікамі міжнародных арганізацый, - расказалі ў прэс-службе. - У цяперашні час запланавана да рэалізацыі шэсць праектаў на агульную суму прыцягваемай міжнароднай фінансавай дапамогі каля $15 млн." У гэтым годзе ў Беларусі рэалізуецца 10 праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Аб'ём прыцягнення фінансавых рэсурсаў у краіну па гэтых праектах складае больш за $10 млн. Данорам выступаюць ПРААН, Глабальны экалагічны фонд, Еўракамісія (праграмы ЕІДП/ТАСІС), офіс АБСЕ ў Мінску, Сусветны банк. Сярод такіх праектаў - "Пашырэнне магчымасцей вырашэння праблем аховы навакольнага асяроддзя ў Беларусі шляхам рэалізацыі праграмы малых грантаў ПРААН/ГЭФ", "Умацаванне інстытуцыйнай і заканадаўчай базы ў мэтах укаранення сістэмы комплексных экалагічных дазволаў у Беларусі", "Стварэнне ўмоў для ўстойлівага функцыянавання сістэмы ахоўных водна-балотных угоддзяў у Беларускім Палессе", "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні", "Пабудова патэнцыялу ў галіне стратэгічнай экалагічнай ацэнкі і ў галіне рэалізацыі прыродаахоўных канвенцый у Беларусі", "Павышэнне экалагічнай інфармаванасці моладзі праз заснаванне і развіццё "зялёных школ" у Беларусі", "Кіраванне воднымі рэсурсамі ў заходнім сектары краін Усходняй Еўропы, Каўказа і Цэнтральнай Азіі", "BALTRAD - удасканаленне сеткі метэаралагічных радыёлакацыйных станцый у рэгіёне Балтыйскага мора", "Інтэграцыя пытанняў захавання біяразнастайнасці ў палітыку і практыку тэрытарыяльнага планавання ў Беларусі", "Садзейнічанне забеспячэнню абмену інфармацыяй аб найлепшых даступных тэхнічных метадах".

БЕЛТА