8 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удзельнікамі юбілейных мерапрыемстваў XX дабрачыннай праграмы "Калядная ёлка - нашы дзеці", якія пройдуць сёння ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы і ў Беларускім дзяржаўным цырку, стануць каля 1,5 тыс. дзяцей з пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС раёнаў, а таксама дзеці, якія знаходзяцца на аздараўленні ў дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтрах, выхаванцы сямейных дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік праекта Кацярына Далідовіч.
У мерапрыемствах прымуць удзел дзеці з Буда-Кашалёўскага, Чачэрскага раёнаў Гомельскай вобласці; Касцюковіцкага, Краснапольскага, Клімавіцкага раёнаў Магілёўскай вобласці; Навазыбкаўскага, Суражскага раёнаў Бранскай вобласці і Шумяцкага раёна Смаленскай вобласці Расіі; выхаванцы Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця і нядзельнай школы прыходу царквы іконы Божай Маці "Узысканне загінулых", а таксама юныя артысты - удзельнікі творчых калектываў.
Падчас Каляднай літургіі ў храме прагучаць спевы ў выкананні дзіцячага хору сабора, узорнага ансамбля беларускай песні "Цернічка" Мінскага палаца культуры і спорту чыгуначнікаў. У гонар юбілею дабрачыннага праекта на святочным торце будуць запалены дваццаць свечак. Затым юныя госці беларускай сталіцы адправяцца ў Беларускі дзяржаўны цырк. Акрамя святочнага прадстаўлення і салодкіх падарункаў, творчыя сюрпрызы маленькім гледачам падрыхтавалі лаўрэат прэміі БРСМ эстрадная група byCity і заслужаны ансамбль беларускай песні "Церніца" Мінскага палаца культуры і спорту чыгуначнікаў.
Арганізатарамі праекта "Калядная ёлка - нашы дзеці" традыцыйна выступаюць БРСМ, Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Беларусі, Епархіяльнае ўпраўленне Беларускай праваслаўнай царквы пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, а ў гэтым годзе і Беларускага фонду Міру.
Дабрачынная праграма праводзіцца з мэтай духоўнай, сацыяльнай і творчай падтрымкі дзяцей і падлеткаў, якія пражываюць у аддаленых і пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС раёнах.
Як адзначыла Кацярына Далідовіч, удзельнікамі мерапрыемстваў праекта "Калядная ёлка - нашы дзеці" за гэтыя гады сталі больш за 42 тыс. беларускіх хлопчыкаў і дзяўчынак, у тым ліку дзеці з Расіі і Украіны.-0-