17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каля 150 фільмаў будзе паказана ў конкурснай і пазаконкурснай праграмах Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад-2012", які пройдзе ў беларускай сталіцы 2-9 лістапада. Пра гэта сёння падчас online канферэнцыі на сайце Беларускага тэлеграфнага агенцтва распавяла дырэктар фестывалю Анжаліка Крашэўская. "Усяго ў конкурснай і пазаконкурснай праграмах будзе паказана каля 150 карцін, плюс-мінус 10-15 фільмаў. Кінастужкі будуць дэманстравацца паралельна на розных пляцоўках, усе залы будуць занятыя з раніцы да позняга вечара. Хочацца верыць, што на двухмільённы Мінск знойдзецца дастатковая колькасць прыхільнікаў якасных фільмаў, якія прыйдуць у кінатэатры, і залы не будуць пустыя", - адзначыла Анжаліка Крашэўская. У ходзе форуму будзе арганізаваны конкурс "Маладосць на маршы", у якім возьмуць удзел работы самых перспектыўных маладых аўтараў свету. Па традыцыі праграму складуць асноўны конкурс ігравых карцін, конкурсы дакументальных работ і фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік", а таксама шматлікія пазаконкурсныя праграмы. Гаворачы пра кошт білетаў на сеансы, Анжаліка Крашэўская патлумачыла, што продажам квіткоў займаюцца непасрэдна кінатэатры і Палац Рэспублікі. Аднак кошт білетаў не павінен перавышаць Br40 тыс. - у залежнасці ад таго, будзе прадстаўлена карціна аўтарамі ці не. Асноўнай пляцоўкай паказаў другі год запар стане кінатэатр "Цэнтральны", дзе таксама пройдуць прэс-канферэнцыі для акрэдытаваных супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі і сустрэчы з імянітымі гасцямі.-0-

БЕЛТА