31 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 2 тыс. гасцей чакае Глыбокае ў Дзень беларускага пісьменства, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Глыбоцкім райвыканкаме.
Творчыя калектывы, пісьменнікі, майстры народных рамёстваў прыбудуць у горад, які адзначыць у 2014 годзе свой 500-гадовы юбілей, з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі і іншых краін.
Святочная праграма свята стартуе ўжо 1 верасня. У гэты дзень адбудзецца адкрыццё мемарыяльных дошак, прысвечаных пісьменніку і публіцысту Леанцію Ракоўскаму і беларускаму грамадскаму дзеячу 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя архітэктару Клаўдзію Дуж-Душэўскаму. Прыхільнікаў творчасці класікаў беларускай літаратуры запрашае выстава-прэзентацыя "Паэтычная гасцёўня" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прысвечаная творчасці народных паэтаў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка. У гарадской бібліятэцы пройдзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў ХХ Рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка - асяродак нацыянальнай культуры", адкрыюцца выставы друкаваных рарытэтаў з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і гісторыі пісьменства "Ад бераставіцы да Інтэрнэту" з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.
Важнымі падзеямі дня стануць міжнародны круглы стол "Пісьменнік. Кніга. Час", які збярэ больш за 100 беларускіх пісьменнікаў і іх замежных калег яшчэ з 7 краін, навукова-практычная канферэнцыя "Глыбоцкае чытанне" і конкурс юных чытальнікаў Глыбоцкага раёна "Жывая класіка", таксама прысвечаныя юбілеям Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка. Удзельнікі Дня пісьменства будуць запрошаны на этнадыскатэку "Старадаўнія рытмы", канцэрты заслужанага калектыву Беларусі ансамбля народнай музыкі "Бяседа" і творчых калектываў вобласці, выстава-кірмаш падворкаў гарадоў і раёнаў вобласці "Віцебшчына гасцінная".
Шэраг мерапрыемстваў святочнай праграмы запланаваны ў вёсцы Празарокі: тут будзе адкрыта персанальная выстава, прысвечаная творчасці беларускага тэатральнага і літаратурнага дзеяча Ігната Буйніцкага і адбудзецца фальклорнае свята "Рэй вядзе Ігнат Буйніцкі".
Цырымонія афіцыйнага адкрыцця Дня беларускага пісьменства і яго асноўныя падзеі адбудуцца ў Глыбокім 2 верасня. Асвятляць падзеі гэтага мерапрыемства будуць каля сотні прадстаўнікоў сталічных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.-0-
БЕЛТА
Каля 2 тыс. гасцей чакае Глыбокае ў Дзень беларускага пісьменства
31.8.20120 праглядаў