18 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля двух дзясяткаў разоў на працягу двух дзён выязджалі ратавальнікі на дапамогу кіроўцам, якія трапілі ў снежны палон на дарогах Віцебскай вобласці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо. У мінулыя суткі на такія выклікі супрацоўнікі МНС выязджалі 6 разоў. У двух выпадках ім давялося выцягваць са снежных заносаў аўтамабілі хуткай дапамогі, у трох - аўтамабілі, што затрымаліся ў снезе, а каля вёскі Бондары Віцебскага раёна з дапамогай 50-тоннага крана выцягваць з кювета грузавы аўтамабіль. У гэтых транспартных сродках знаходзіліся 8 чалавек (дзяцей не было). Ніхто з іх не пацярпеў. "Яшчэ больш такіх выездаў зафіксавана ў вобласці 16 снежня: 12 званкоў з просьбамі аб дапамозе паступілі ў гэты дзень у МНС ад кіроўцаў і пасажыраў, якім не ўдалося самастойна выцягнуць аўтамабіль са снегу. З'яўлялася пагроза пераахаладжэння людзей", - адзначыла Марына Фандо. Акрамя таго, супрацоўнікам МНС з 1 па 17 снежня давялося выязджаць для аказання дапамогі па дэблакіроўцы пацярпелых і выцягванні з кюветаў машын, якія трапілі ў аварыі. У сувязі са складзенай абстаноўкай Марына Фандо заклікала ўсіх кіроўцаў, адпраўляючыся ў паездкі, выконваць асцярожнасць на дарогах, а таксама прадугледзець элементарныя меры бяспекі на непрадбачаны выпадак: узяць у тэрмасе гарачы чай, плед, зараджаны мабільны тэлефон.-0-

БЕЛТА