9 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каля 20 т пшанічнай мукі і 12 т сыру канфіскавана ў Віцебскай вобласці падчас сумеснай аперацыі фінансавай міліцыі і іншых праваахоўных органаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі.
Супрацоўнікамі Наваполацкага міжраённага аддзела ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Віцебскай вобласці сумесна з супрацоўнікамі іншых праваахоўных органаў пры праверцы пытанняў выканання заканадаўства, што рэгулюе парадак набыцця, транспарціроўкі і перамяшчэння таварна-матэрыяльных каштоўнасцей, у в. Юхавічы Расонскага раёна затрыманы аўтамабіль з паўпрычэпам, у якім перавозілася 20 т пшанічнай мукі на суму каля Br40 млн. Пры праверцы дакументаў было ўстаноўлена, што таварна-транспартныя накладныя на тавар не адпавядаюць рэчаіснасці. На муку накладзены арышт, прадукцыя канфіскавана. У дачыненні да індывідуальнага прадпрымальніка, які ажыццяўляў перавозку тавару, вядзецца адміністрацыйны працэс.
Таксама супрацоўнікамі фінансавай міліцыі Наваполацка сумесна з іншымі праваахоўнымі органамі пры аналагічнай праверцы затрыманы грузавы аўтамабіль з паўпрычэпам, які належыць прыватнаму прадпрыемству. У парушэнне дзеючага парадку на дадзеным аўтамабілі ажыццяўлялася транспарціроўка каля 12 т сыру на суму Br495 млн. без наяўнасці неабходных таварасуправаджальных дакументаў. Тавар, які накіроўваўся ў Расійскую Федэрацыю, канфіскаваны, на прадукцыю накладзены арышт. У дачыненні да прыватнага прадпрыемства, якое ажыццяўляла транспарціроўку сыру, праводзіцца праверка.-0-
БЕЛТА
Каля 20 т пшанічнай мукі і 12 т сыру канфіскавала фінансавая міліцыя ў Віцебскай вобласці
9.2.20120 праглядаў