Вакцынацыя ад каранавіруса ў Віцебскай вобласці працягваецца дастаткова актыўна. Паводле аператыўных даных на 19 верасня, поўны курс ужо прайшлі 72% жыхароў паўночнага рэгіёна, або больш за 772 тыс. чалавек. Для дарослага насельніцтва выкарыстоўваюцца прэпараты "Спутник Лайт" і "Гам-Ковид-Вак". Цяжарныя жанчыны, маці, якія кормяць, а таксама дзеці атрымліваюць вакцыну "Сінафарм". У узроставай катэгорыі ад 5 да 17 гадоў у паўночным рэгіёне прышчэпку атрымалі каля 20 тыс. дзяцей. "Акўнымі тэмпамі ідзе бустарная вакцынацыя. Усяго па вобласці яе прайшлі больш за 393 тыс. чалавек, што складае 56,6% ад кантынгенту, які падлягае вакцынацыі. Кожны раён на гэтым этапе працуе добра", - адзначыў Уладзімір Сінкевіч.
Паводле яго слоў, традыцыйна ў першы восеньскі месяц назіраецца рост захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі. "Павелічэнне звязана з асаблівасцямі перыяду. У верасні дзеці вяртаюцца ў сады і школы, маладыя людзі - у сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы, дарослыя выходзяць на працу з адпачынкаў, - растлумачыў галоўны ўрач. - Медыцынскія работнікі накіроўваюць свае намаганні на мінімізацыю рызык захворвання і наступстваў, якія могуць узнікнуць пасля перанесенай інфекцыі. Вакцынацыя ў гэтай працы мае ключавую ролю". Паводле слоў спецыяліста, не варта забываць і пра захаванне сацыяльнай дыстанцыі ў грамадскіх месцах і рэспіраторнага этыкету.
Медыцынскія работнікі працягваюць праводзіць тлумачальную працу сярод насельніцтва паўночнага рэгіёна, сустракаюцца з працоўнымі калектывамі, арганізуюць выязныя пункты вакцынацыі. Таксама ў вобласці вядзецца падрыхтоўка да прышчэпачнай кампаніі супраць грыпу, якая пачнецца ў бліжэйшыя дні.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by