8 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каля 230 адзінак зброі выяўлена і выведзена з нелегальнага абароту супрацоўнікамі міліцыі Віцебскай вобласці падчас асноўнага этапу комплекcных спецмерапрыемстваў "Арсенал" з 31 кастрычніка па 4 лістапада. Пра гэта журналістам сёння паведаміў старшы інспектар упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС аблвыканкама Сяргей Галыня, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сярод выведзенага з нелегальнага абароту амаль 100 адзінак незарэгістраванай зброі, у тым ліку амаль 80 адзінак здадзена грамадзянамі добраахвотна, а таксама каля адной тысячы боепрыпасаў і выбуховых прылад. У асноўным гаворка ідзе пра гладкаствольную зброю, якая засталася ад памерлых сваякоў, і зброю часоў Вялікай Айчыннай вайны, выкапаную ў месцах вядзення баявых дзеянняў на тэрыторыі вобласці. Так, жыхар Аршанскага раёна добраахвотна выдаў праваахоўнікам кулямёт ППШ, які знаходзіцца ў працоўным стане і без бачных прыкмет карозіі, у Талачынскім раёне мясцовы жыхар перадаў міліцыянерам рэвальвер сістэмы Нагана ў добрым стане.
За незаконныя дзеянні ў дачыненні да зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў узбуджана 25 крымінальных спраў па арт.295 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Акрамя таго, амаль 100 грамадзян панеслі пакаранне ў адміністрацыйным парадку за парушэнне правілаў абароту зброі.-0-
БЕЛТА
Каля 230 адзінак зброі выяўлена і выведзена з нелегальнага абароту за пяць дзён у Віцебскай вобласці
8.11.20110 праглядаў