16 мая, Віцебск /Алена Ціханава – БЕЛТА/. Трынаццатая абласная ваенна-спартыўная гульня "Зарніца", прысвечаная 68-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, стартуе сёння ў Віцебску, паведамілі БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі".

Удзельнікамі спаборніцтваў стануць каля 25 каманд па 7 чалавек кожная, якія прадстаўляюць установы адукацыі рэгіёнаў вобласці. Хлопцы пазмагаюцца ў марш-кідку з перашкодамі (даўжыня дыстанцыі 1500-2000 м). Камандам неабходна прайсці некалькі этапаў: транспарціроўка пацярпелага, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, пераправа, паласа перашкод, кіданне гранаты, фарсіраванне броду, устаноўка палаткі, разборка і зборка аўтамата. Акрамя гэтага, у праграме конкурс строю і песні, "Баявы лісток", прадстаўленне творчых нумароў, пейнтбол, спаборніцтвы па медыка-санітарнай падрыхтоўцы.
"Хлопцам трэба будзе праявіць загартоўку і камандны дух у гульні на мясцовасці. Умовы яе правядзення будуць агучаны непасрэдна перад стартам. Уключаны ў праграму ваенна-спартыўнай гульні і спецыяльныя конкурсы. "Памяць" (пра памятныя месцы і абеліскі сваёй мясцовасці) і "Старонкі гісторыі Айчыны". Апошняе выпрабаванне праводзіцца ў тэставай форме", - падкрэслілі ў абласным камітэце ГА "БРСМ".

Трынаццатая абласная ваенна-спартыўная гульня "Зарніца" будзе праходзіць у Віцебску 16-17 мая на базе УСУ "Віцебскі аэраклуб імя Аляксандра Гараўца". Мэта – патрыятычнае выхаванне моладзі на прыкладах гераічнага подзвігу савецкага народа ў гады ВАВ, папулярызацыя службы ў шэрагах Узброеных Сіл, павышэнне ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі.-0-