У Віцебску на новыя працоўныя месцы сёлета плануецца працаўладкаваць не менш за 2 тыс. 460 чалавек.
У Віцебску на новыя працоўныя месцы сёлета плануецца працаўладкаваць не менш за 2 тыс. 460 чалавек. Пра гэта паведаміла журналістам намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага гарвыканкама Марына Будкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У мінулым годзе ў Віцебску на новыя працоўныя месцы было працаўладкавана больш за 2 тыс. гараджан. Планы на бягучы год - не менш за 2 тыс. 460 чалавек. Працоўныя месцы будуць створаны на вытворчых прадпрыемствах, плануецца адкрыццё новых гандлёвых аб'ектаў", - распавяла Марына Будкевіч.
Паводле яе даных, у цяперашні час на ўліку ў гарадской службе занятасці знаходзяцца 1 тыс. 150 беспрацоўных. Прадпрыемствы горада заяўляюць прыкладна такую ж колькасць вакансій. Каэфіцыент напружанасці рынку працы - 1. Пры гэтым 70% вакансій - рабочыя спецыяльнасці. Наймітам патрабуюцца швачкі, абуткоўшчыкі, слесары-сантэхнікі, трактарысты, электраманцёры, электрагазазваршчыкі. "Каб забяспечыць прадпрыемствы неабходнымі кадрамі, мы праводзім падрыхтоўку па рабочых спецыяльнасцях. Ужо пачалі фарміраванне груп па заяўках прадпрыемстваў", - адзначыла прадстаўнік гарвыканкама.
Адна з самых запатрабаваных у Віцебску прафесій - швачка. Паводле даных цэнтра занятасці, у горадзе больш за 200 вакантных месцаў. Востры дэфіцыт швачак адчуваюць многія прадпрыемствы, у тым ліку тыя, што плануюць сёлета пашыраць вытворчасць ААТ "Сцяг індустрыялізацыі", УПП "Віцебскі футравы камбінат", замежнае прадпрыемства "ЛТП БелВит". Пры гэтым некаторыя найміты заяўляюць, што гатовыя браць на працу швачак любога ўзросту і рознай кваліфікацыі, пры неабходнасці арганізаваць навучанне, іншагародніх забяспечыць інтэрнатам. Галоўнае, чаго чакаюць ад суіскальнікаў, - жаданне працаваць.
Вырашэнню кадравых пытанняў дапаможа кірмаш вакансій, які будзе арганізаваны 15 сакавіка з 9.00 да 12.00 у будынку адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска ( вул. 1-я Пралетарская, 14).