28 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 300 удзельнікаў збярэ Першы беларуска-латвійскі форум гарадоў-пабрацімаў "Перспектывы развіцця беларуска-латвійскага рэгіянальнага і пабрацімскага супрацоўніцтва" у Наваполацку, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай працы Наваполацкага гарвыканкама. Праца форуму пачынаецца 28 сакавіка. Сёння ў Наваполацку будуць сустракаць прадстаўнікоў дэлегацый кіраўнікоў дыпламатычных місій Латвіі ў Беларусі і Беларусі ў Латвіі, мэраў гарадоў, якія ўжо сталі пабрацімамі, і тых, хто яшчэ толькі мае намер знайсці сабе партнёра. Асноўныя падзеі форуму пройдуць 29 сакавіка. У гэты дзень адбудзецца ўрачыстае адкрыццё форуму, падпісанне дагавораў аб супрацоўніцтве і пленарнае пасяджэнне, на якім выступяць старшыня беларускай арганізацыі "Пабрацімскія гарады" Барыс Батура, пасол Беларусі ў Латвіі Аляксандр Герасіменка, кіраўнік Таварыства падтрымкі эканамічных сувязяў Латвіі і Беларусі Альфрэд Чэпаніс. Таксама прадстаўнікі гарадскіх адміністрацый сустрэнуцца і абмяркуюць варыянты і напрамкі супрацоўніцтва па тэматычных секцыях з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў. Праца секцый будзе праходзіць па трох напрамках: актуальныя пытанні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва мясцовых улад; супрацоўніцтва турыстычных комплексаў і аб'ектаў культуры Беларусі і Латвіі; гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва беларускіх і латвійскіх рэгіёнаў, праблемы іх вырашэння і перспектывы. Акрамя таго, у праграме дня значацца знаёмства ўдзельнікаў з інвестпраектамі Віцебскай вобласці, наведванне выставы прадпрыемстваў рэгіёну, аглядныя экскурсіі ўдзельнікаў па Наваполацку. У цяперашні час дагаворы аб супрацоўніцтве заключылі ўжо больш за 30 пар гарадоў з дзвюх краін, з іх 19 - з удзелам гарадоў Віцебскай вобласці, больш за дзесяць пар (пяць - з прадстаўнікамі вобласці) знаходзяцца ў стадыі ўстанаўлення кантактаў. Акрамя таго, яшчэ 27 адміністрацыйных адзінак Латвіі выказалі жаданне знайсці пабрацімаў у Беларусі. Наваполацк выбраны месцам правядзення форуму невыпадкова. Ён мае вялікі досвед наладжвання падобных кантактаў - з 16 гарадамі розных дзяржаў, у тым ліку з двума гарадамі Латвіі, заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве ў культурнай і эканамічнай сферах.-0-

БЕЛТА