10 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 4 тыс. хворых на цукровы дыябет людзей выяўляюць штогод у Віцебскай вобласці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны ўрач Віцебскага абласнога эндакрыналагічнага дыспансера Людміла Педчанец. Усяго на дадзены момант у Віцебскай вобласці пражываюць больш за 30 тыс. чалавек, якія пакутуюць на цукровы дыябет, у тым ліку каля 190 дзяцей. Распаўсюджанасць гэтага захворвання ў 2010 годзе склала 2375 чалавек на 100 тыс. насельніцтва, першасная захворвальнасць - 260 на 100 тыс. насельніцтва. За 9 месяцаў гэтага года выяўлена амаль 2,7 тыс. пацыентаў з цукровым дыябетам, у тым ліку 72 - з цукровым дыябетам 1-га тыпу, з іх 21 - гэта дзеці і падлеткі. Для аказання ім дапамогі ў барацьбе з гэтай хваробай у рэгіёне створаны і паспяхова дзейнічаюць 42 "Школы дыябету" (40 амбулаторных і 2 стацыянарных), у якіх штогод навучаюцца каля 7 тыс. чалавек. Людміла Педчанец нагадала, што развіццю цукровага дыябету 2-га тыпу папярэднічае метабалічны сіндром, які развіваецца ў асоб з залішняй масай цела або атлусценнем, якія няўмерана ўжываюць высокакаларыйную ежу, вядуць маларухомы лад жыцця. Важным стрымліваючым фактарам развіцця цукровага дыябету ў асоб, схільных да яго, з'яўляецца вядзенне здаровага ладу жыцця, якое ўключае правільнае харчаванне, павелічэнне фізічных нагрузак, навучанне асновам самакантролю і прынцыпам тэрапіі. "На ранніх стадыях парушэння вугляводнага абмену змяненне ладу жыцця можа быць дастаткова эфектыўным і паменшыць рызыку развіцця цукровага дыябету 2-га тыпу на 58%", - падкрэсліла лекар. Сусветны дзень барацьбы супраць цукровага дыябету адзначаецца 14 лістапада. У Віцебскай вобласці напярэдадні гэтай даты адбылася тэматычная акцыя для дзяцей, хворых на дыябет. 14 лістапада на базе гарадской паліклінікі №4 пройдзе Дзень адкрытых дзвярэй, падчас якога ўсе жадаючыя змогуць атрымаць неабходную інфармацыю па гэтым пытанні. Таксама рэгіён актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскай акцыі па раннім выяўленні дыябету, якая праводзіцца з 1 па 14 лістапада.-0-

БЕЛТА