2 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці за ліпень патанулі каля 40 чалавек, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА па аператыўных даных у Віцебскай абласной арганізацыі Асвода. У мінулым месяцы ахвярамі вады сталі толькі дарослыя жыхары рэгіёна. Усяго ж з пачатку купальнага сезона за чэрвень-ліпень на вадзе загінулі 50 чалавек, у тым ліку адно дзіця (у чэрвені), што на 12 чалавек менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Няшчасныя выпадкі адбыліся ў пераважнай большасці раёнаў вобласці, за выключэннем Полацка, Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Аршанскага, Расонскага, Чашніцкага, Ушацкага і Шумілінскага раёнаў. Амаль у 50% выпадкаў прычынай утоплення стаў алкаголь. Сярод іншых найбольш распаўсюджаных прычын значацца таксама парушэнні мер бяспекі. "Людзі бестурботна не разлічваюць сваіх сіл пры далёкіх заплывах, не карыстаюцца выратавальнымі камізэлькамі на плыўсродках, ныраюць у незнаёмых месцах або без уліку ўласнага стану здароўя, а пры рэзкім апусканні ў ваду з-за перападу тэмператур можа адбыцца спазм, які затым прыводзіць да смяротнага зыходу", - канстатавалі супрацоўнікі Асвода, заклікаўшы насельніцтва адказна ставіцца да ўласнага жыцця. У бліжэйшыя выхадныя метэаролагі прагназуюць новы ўздым спёкі. Тэмпература ў Віцебскай вобласці зноў будзе імкнуцца да 30 градусаў вышэй за нуль. "Многія гэтыя дні захочуць правесці паблізу вадаёмаў. Але варта памятаць, што алкаголь і вада несумяшчальныя, дзяцей паблізу вады нават на кароткі міг нельга пакідаць без нагляду. Непаўналетніх, якія не ўмеюць плаваць, нельга адпускаць купацца на глыбіню ў надуўных кругах, і ў цэлым для ўласнай бяспекі адпачываць варта ў ахоўных і абсталяваных месцах", - парэкамендавалі ў Асводзе.

БЕЛТА