Каля 40 карупцыйных злачынстваў выяўлена ў АПК Віцебскай вобласці ў 2011 годзе
15.1.20120 праглядаў
15 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У аграпрамысловым комплексе Віцебскай вобласці ў 2011 годзе выяўлена 38 карупцыйных злачынстваў, што на 6 фактаў менш у параўнанні з 2010-м, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Віцебскай вобласці Васіль Пашкоўскі.
Паводле яго слоў, у асноўным учыненыя злачынствы былі звязаны з крадзяжамі, учыненымі з выкарыстаннем службовага становішча, фальсіфікацыяй дакументаў, падлогамі.
У вобласці праводзіцца пэўны комплекс мерапрыемстваў, накіраваны на барацьбу з карупцыйнымі праявамі ў АПК. Аднак істотных зрухаў пакуль дасягнуць не ўдалося. Адным з асноўных фактараў, што спрыяюць сітуацыі, якая склалася ў гэтай галіне, Васіль Пашкоўскі назваў нізкі ўзровень прафілактыкі карупцыйных злачынстваў. "Займацца гэтай працай перш за ўсё павінны камісіі па папярэджанні карупцыйных праяў, створаныя ў сістэме аблсельгаспрода. Аднак у многіх з іх такая форма арганізацыі працы носіць фармальны характар", - адзначыў пракурор. Так, выклікае пытанні дзейнасць антыкарупцыйных камісій у райсельгаспродах Докшыцкага, Шумілінскага і некаторых іншых раёнаў.
Акрамя таго, праверкай выканання заканадаўства, накіраванага на барацьбу з карупцыяй, у сістэме камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама выяўлена, што палажэнні нарматыўных прававых актаў у сферы барацьбы з карупцыяй нярэдка ігнаруюцца. У прыватнасці, службовыя асобы не заўсёды падпісваюць абавязацельства па выкананні абмежаванняў, устаноўленае артыкулам 17 закона Беларусі "Аб барацьбе з карупцыяй". Таксама выяўлены факты непрадстаўлення і несвоечасовага прадстаўлення дэкларацый, непаўнаты дэкларавання даходаў і маёмасці кіраўнікамі суб'ектаў гаспадарання АПК і чыноўнікамі райсельгаспродаў. Пры гэтым кадравымі службамі райсельгаспродаў праверкі правільнасці запаўнення дэкларацый праводзяцца неналежным чынам, што спрыяе гэтым парушэнням.
Выяўленыя парушэнні і недахопы паказваюць на неабходнасць прыняцця дадатковых мер да арганізацыі на належным узроўні працы па прафілактыцы і папярэджанні карупцыйных праяў, дакладнаму выкананню патрабаванняў заканадаўства, накіраванага на барацьбу з карупцыяй, узгацненню кантролю за дзейнасцю службовых асоб у аграпрамысловым комплексе вобласці, заключыў Васіль Пашкоўскі.-0-
БелТА