8 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 400 удзельнікаў збярэ XVII адкрыты Віцебскі воднаспартыўны фестываль моладзі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле па справах моладзі і абаронна-мабілізацыйнай працы Віцебскага гарвыканкама.
Мерапрыемства, прысвечанае 67-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, пройдзе 8-10 чэрвеня на беразе возера Лосвіда ў Гарадоцкім раёне. Традыцыйна ў ім возьмуць удзел рабочая моладзь прадпрыемстваў, арганізацый, навучальных устаноў абласнога цэнтра, а таксама каманды з Оршы, Полацка, Лёзненскага раёна.
Насычаная праграма чакае ўдзельнікаў. Традыцыйна яны будуць спаборнічаць у праходжанні водна-зямной паласы перашкод, чацвяртлоне, домбайскім футболе і валейболе. Для перамогі ў апошніх дысцыплінах не абавязкова дасканала валодаць спартыўна-турысцкімі навыкамі, а дастаткова праявіць спрыт рук і кемлівасць. Творчыя натуры прадэманструюць палёт фантазіі ў конкурсах бодзі-арта, мастацкай самадзейнасці і кулінараў.
Падвядзенне вынікаў і ўрачыстае закрыццё фестывалю адбудзецца 10 чэрвеня. Каманды-пераможцы, вызначаныя ў кожным выступленні і па выніках усіх конкурсаў, будуць узнагароджаны кубкамі, медалямі і ганаровымі граматамі.
Арганізатарам мерапрыемства выступае аддзел па справах моладзі і абаронна-мабілізацыйнай працы Віцебскага гарвыканкама.-0-
БЕЛТА
Каля 400 удзельнікаў збярэ воднаспартыўны фестываль у Гарадоцкім раёне
8.6.20120 праглядаў