6 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці ў 2011 годзе на спецыялізаваныя працоўныя месцы былі працаўладкаваны 48 інвалідаў, што складае 109,1% гадавога задання. Пра гэта паведаміла сёння начальнік упраўлення па занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Людміла Зайцава на круглым стале "Праца пераадольвае бар'еры", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Асноўная колькасць інвалідаў, якія атрымалі працу (42 чалавекі), была працаўладкавана службай занятасці шляхам фінансавання расходаў на стварэнне спецыялізаваных працоўных месцаў, і шэсць чалавек – праз кампенсацыю затрат наймальнікам за набытае спецыялізаванае абсталяванне. Людміла Зайцава назвала спецыяльнасці, па якіх гэтыя людзі былі працаўладкаваны: гэта ліцейшчык пластмас, слесар механазборачных работ, бібліятэкар, агароднінавод, уборшчык тэрыторыі, падручны рабочы, рабочы зялёнага будаўніцтва, распарадчык танцавальнага вечара, кіраўнік гуртка, кухонны рабочы, аператар ЭВМ. Былі таксама пазначаны праблемы, з якімі сутыкнуліся наймальнікі пры падборы на створаныя спецыялізаваныя месцы беспрацоўных інвалідаў. У першую чаргу яны звязаны з плынню кадраў, абумоўленай пагаршэннем стану здароўя людзей гэтай катэгорыі. На працягу мінулага года камітэт праводзіў значную работу па аказанні фінансавай падтрымкі беспрацоўным для арганізацыі ўласнай справы. На гэтыя мэты дадзеным асобам, у тым ліку інвалідам, было выдзелена 523 субсідыі. У якасці прыкладу яна прывяла трох жыхароў абласнога цэнтра з абмежаванымі магчымасцямі, якія атрымалі субсідыі для арганізацыі дзейнасці па аказанні цырульніцкіх паслуг, грузаперавозак і рознічнага гандлю ў неспецыялізаваных крамах. У цэлым жа па ўсіх напрамках за мінулы год у рэгіёне былі працаўладкаваны 350 інвалідаў. "Такім чынам, дзяржаўная падтрымка людзям гэтай катэгорыі аказвалася і будзе аказвацца", - канстатавала начальнік упраўлення. Яна пазначыла некалькі негатыўных фактараў, якія ўплываюць на ўзровень канкурэнтаздольнасці інвалідаў. У прыватнасці, адсутнічае шырокае сацыялагічнае даследаванне, якое б усебакова адлюстроўвала становішча спраў у гэтай групе, бо апошнія даследаванні, як правіла, праводзяць рэгіянальныя аб'яднанні інвалідаў і ахопліваюць невялікую аўдыторыю. Неабходна стымуляваць камерцыйныя арганізацыі больш актыўна ўдзельнічаць у арганізацыі працоўных месцаў для інвалідаў, лічыць Людміла Зайцава.