15 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Каля 500 чалавек дадаткова будуць прыцягнуты дырэкцыяй фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" да працы з гасцямі і ўдзельнікамі XXI Міжнароднага фестывалю, паведаміў на прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, генеральны дырэктар цэнтра культуры "Віцебск", дырэктар дырэкцыі фестывалю Радзівон Бас. Удзельнікі і госці фестывалю заўсёды адзначалі яго цудоўную арганізацыю. Госці ніколі не адчувалі праблем з прабываннем, размяшчэннем, арганізацыяй побыту. Кожны год да працы на фестывалі дадаткова прыцягваюцца некалькі сот чалавек, якія працуюць у фестывальных службах практычна кругласутачна. На перыяд фестывалю ў цэнтры культуры "Віцебск" ствараецца два дзясяткі спецыялізаваных службаў ад прэс-цэнтра да службы афармлення букетаў. Ёсць служба перакладчыкаў, працуе аддзел сустрэчы-адпраўкі, у абавязкі работнікаў якога ўваходзіць сустрэча гасцей у аэрапорце, забеспячэнне патрэбным па райдары транспартам, набыццё білетаў. Служба размяшчэння займаецца размяшчэннем гасцей, пры гэтым яна бярэ на сябе функцыі адміністратараў віцебскіх гасцініц, тым застаецца толькі афармляць прыбылых гасцей. Як адзначыў Радзівон Бас, на працягу больш чым дваццаці гадоў існавання фестывалю склалася прафесійная і дасведчаная каманда, якая імкнецца зрабіць прабыванне гасцей камфортным.-0-

БЕЛТА