Каля 500 дзіцячых работ прадстаўлена на гарадской выстаўцы дэкаратыўна-прыкладной творчасці "Радзіма любая мая!" у віцебскай ратушы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным краязнаўчым музеі.
Каля 500 дзіцячых работ прадстаўлена на гарадской выстаўцы дэкаратыўна-прыкладной творчасці "Радзіма любая мая!" у віцебскай ратушы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным краязнаўчым музеі.
У экспазіцыі індывідуальныя і калектыўныя работы. Прадстаўлена кераміка, ткацтва, выцінанка, вышыўка, вязанне, фрыволіт, кінусайга, батык, бісерапляценне, мастацкая апрацоўка драўніны і металу. На выстаўцы можна будзе ўбачыць работы з саломкі (аплікацыя і інкрустацыя саломкай, саломапляценне), скуры, тэкстылю, салёнага цеста, а таксама вырабы, выкананыя ў змешаных і аўтарскіх тэхніках.
Арганізатары адзначылі, што выстаўка ўражвае не толькі разнастайнасцю выкарыстаных тэхнік і матэрыялаў, але і высокім майстэрствам выканання, арыгінальнасцю ідэй, спалучэннем традыцыйных прыёмаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці і сучасных тэндэнцый.
Узрост юных аўтараў - ад 6 да 18 гадоў. Гэта выхаванцы 47 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, цэнтра дзяцей і моладзі Віцебскага раёна і Віцебскай спецыялізаванай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху.
Заснавальнік выстаўкі - аддзел адукацыі, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама. Арганізатар - Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Выстаўка адкрыецца сёння ў 15.00 і працягнецца да 2 мая.