6 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 70 жыхароў Віцебскай вобласці звярнуліся на мінулым тыдні да ўрачоў з халадавымі траўмамі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама.
З ліку тых, хто звярнуўся, 40 чалавек былі шпіталізаваны, аднак выпадкаў атрымання цяжкіх халадавых траўм не зарэгістравана, удакладнілі ва ўпраўленні.
У абласным цэнтры за мінулы тыдзень дапамога ўрачоў спатрэбілася 22 жыхарам, паведаміў выконваючы абавязкі галоўнага ўрача траўматалагічнага пункта Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Уладзімір Гірс. Пры гэтым калі раней віцябляне атрымлівалі ў асноўным абмаражэнні пальцаў рук і ног, то цяпер стала больш зваротаў з абмаражэннямі твару.
На мінулых выхадных маразы ў Віцебскай вобласці аслаблі за кошт паступлення цёплых паветраных мас. Дзённая тэмпература паветра складала ад 12 да 20 градусаў марозу, ноччу слупок тэрмометра апускаўся да мінус 28 - 31,5 градуса. Самыя нізкія начныя тэмпературы зафіксаваны ў Езярышчы - 33-34 градусы ніжэй за нуль, паведамілі ў Віцебскім абласным цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя. Разам з гэтым за апошнія тры дні па ўсходзе вобласці прайшлі значныя ападкі, найбольшая іх колькасць - палова месячнай нормы, або 17 мм - выпала ў Оршы. У Віцебску, Сянне і іншых усходніх рэгіёнах - дзекадная норма.
Пачатак бягучага тыдня пройдзе пры камфортных зімовых тэмпературах. Днём тэмпература паветра складзе 9-15 градусаў ніжэй за нуль, ноччу - мінус 13-18 градусаў. З улікам паляпшэння надвор'я ва ўсіх школах рэгіёну адноўлены заняткі, дадаў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок.
Па прагнозах сіноптыкаў, у другой палове тыдня зноў чакаецца ўзмацненне маразоў. Дзённая тэмпература паветра складзе мінус 18-23 градусы, начная - 25-30 градусаў марозу, пры праясненнях - да мінус 34 градусаў. "Сітуацыя з надвор'ем пастаянна адсочваецца, у выпадку неабходнасці рашэнне аб адмене заняткаў у школах будзе прынята аператыўна", - дадаў Іван Шчурок.-0-
БЕЛТА
Каля 70 жыхароў Віцебскай вобласці звярнуліся на мінулым тыдні да ўрачоў з халадавымі траўмамі
6.2.20120 праглядаў