13 лютага, Віцебск /Вольга Багдзевіч - БЕЛТА/. Каля 90 жыхароў вобласці шпіталізаваны з пачатку лютага з халадавымі траўмамі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама. Усяго на раніцу 13 лютага ва ўстановы аховы здароўя вобласці па дапамогу лекараў звярнуліся 180 чалавек. У асноўным атрыманыя халадавыя траўмы былі звязаны з абмаражэннямі вушэй, носа, пальцаў рук і стоп ног. У траўматалагічны пункт Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі за мінулы тыдзень звярнуліся 11 чалавек, пры гэтым 5 з іх - на працягу выходных. У першую чаргу гэта абумоўлена аслабленнем увагі да свайго здароўя, адзначыў выконваючы абавязкі галоўнага ўрача траўмапункта Уладзімір Гірс. Другая хваля холаду выдалася ў Віцебскай вобласці менш марознай. Уначы на мінулых выхадных слупок тэрмометра апускаўся да 23-27 градусаў, пры праясненнях - да 30 градусаў марозу. За апошнія 3 дні ў вобласці адбылося 17 пажараў, на якіх загінулі 3 чалавекі, паведамілі ў Віцебскім абласным упраўленні МНС. Адная з трагедый здарылася ў Міёрскім раёне: па папярэдняй інфармацыі, у выніку неасцярожнага абыходжання з агнём загінула пенсіянерка, якая пражывала адна, 1923 года нараджэння.-0-

БЕЛТА