14 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля Br1 млрд. спонсарскіх сродкаў мае намер прыцягнуць на праектную дзейнасць у гэтым годзе Віцебская абласная арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА яе старшыня Галіна Жаланава. "Інвестыцыі выдзяляюцца арганізацыямі і фондамі-данарамі пад правядзенне пэўных праектаў, значнасць якіх неабходна яшчэ дэталёва абгрунтаваць. Нашай арганізацыі гэта ўдаецца: у 2011 годзе мы змаглі прыцягнуць каля Br800 млн.", - канстатавала Галіна Жаланава. Яна адзначыла, што ў бягучым годзе ў вобласці працягнецца рэалізацыя праектаў, ажыццяўляемых у рамках 15 міжнародных праграм, па рабоце з бежанцамі, ахвярамі гандлю людзьмі, ВІЧ-інфікаванымі і нарказалежнымі катэгорыямі грамадзян, сацыялізацыі пажылых адзінокіх людзей, развіццю сястрынскай дапамогі. Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца аказанню гуманітарнай дапамогі медыцынскім і сацыяльным установам вобласці, ажыццяўленню міні-праектаў у рэгіёнах, якія паказалі сваю актуальнасць і жыццяздольнасць. Галіна Жаланава адзначыла, што з 8 мая па 1 чэрвеня ў Віцебскай вобласці ў рамках штогадовага рэспубліканскага месячніка Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа праводзіцца шырокі план мерапрыемстваў. Так, 8 мая ў вышэйшых навучальных установах горада прайшла моладзевая акцыя "З днём нараджэння, Чырвоны Крыж!", накіраваная на ўмацаванне іміджу БТЧК і прыцягненне новых валанцёраў. А 12 мая пяць навучэнцаў з Глыбокага прынялі ўдзел у Даўгаўпілсе ў спаборніцтвах па аказанні першай меддапамогі сярод старэйшакласнікаў школ Беларусі, Літвы і Латвіі. Важнымі падзеямі месячніка стануць прыём дэлегацыі Нямецкага Чырвонага Крыжа з горада Зіке па абмене вопытам работы ў рамках праграмы "Гуманітарная дапамога лячэбным установам Віцебскай вобласці", традыцыйны міні-марафон інвалідаў-калясачнікаў, акцыі, прымеркаваныя да Сусветнага дня без тытуню і Міжнароднага дня памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу. Акрамя таго, паўсюдна ў раённых арганізацыях будуць арганізаваны круглыя сталы, семінары для валанцёраў па распаўсюджванні ведаў аб Міжнародным руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, яго асноватворных прынцыпах і асновах гуманітарнага права. На працягу месячніка Чырвонага Крыжа інструктары па першай дапамозе будуць праводзіць навучанне насельніцтва і валанцёрскіх груп БТЧК навыкам аказання першай медыцынскай дапамогі.-0-

БЕЛТА