18 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паводле папярэдніх даных, Br16,6 млрд. выручана ад продажу білетаў на мерапрыемствы ХХI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску-2012", што на 224% перавышае леташнія паказчыкі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства культуры Беларусі Юлія Віскуб.
Акупляльнасць фестывалю ў параўнанні з мінулым годам павялічылася з 55% да 67%. У цэлым пазабюджэтныя даходы склалі Br22,8 млрд., што на 205% больш за леташнія паказчыкі. 180 тыс. гледачоў наведалі 77 мерапрыемстваў "Славянскага базару".
Юлія Віскуб таксама расказала, што міністр культуры Беларусі Павел Латушка падчас рабочых сустрэч з калегамі з Расіі і Украіны, якія адбыліся падчас "Славянскага базару ў Віцебску", дасягнуў дамоўленасці аб прадстаўленні беларускага мастацтва ў культурным жыцці Расіі і Украіны.
Галоўнай тэмай сустрэчы з міністрам культуры Расіі Уладзімірам Мядзінскім стала новая праграма супрацоўніцтва паміж міністэрствамі культуры Беларусі і Расіі на 2013-2014 гады. Ужо з намеснікам міністра культуры Расіі Андрэем Бусыгіным Павел Латушка абмеркаваў арганізацыю сумесных праектаў. У прыватнасці, дасягнуты дамоўленасці па абмене музейнымі экспазіцыямі, а таксама аб удзеле расійскага боку ў Першым нацыянальным музейным форуме "Музеі Беларусі" і беларускага боку ў Міжнародным фестывалі музеяў "Інтермузей" у Маскве.
Праграму супрацоўніцтва на 2013 год беларускі міністр абмеркаваў і з намеснікам міністра культуры Украіны Аляксандрай Губінай. Падчас гутаркі міністры разгледзелі магчымасць правядзення восенню гэтага года ў Мінску выставы сучаснага мастацтва на прыкладзе Кіеўскай міжнароднай біенале сучаснага мастацтва Arsenale-2012.
Урачыстае закрыццё ХХI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску-2012" адбудзецца сёння на сцэне Летняга амфітэатра ў 22.00. У зорным канцэрце возьмуць удзел Алсу, Надзея Бабкіна і ансамбль "Руская песня", Аляксандр Маршал, Нюша, Сосо Паўліяшвілі, Вікторыя Алешка, Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, гурты "Чысты голас", Litesound, Мікалай Гнацюк, дуэт Патап і Насця.-0-
БЕЛТА
Каля Br16,6 млрд. выручана ад продажу білетаў на мерапрыемствы "Славянскага базару ў Віцебску-2012"
18.7.20120 праглядаў