5 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Каля Br60 млрд. плануецца накіраваць у 2012 годзе на развіццё гандлёвай інфраструктуры Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама.
У адпаведнасці з падпраграмай "Віторг" рэгіянальнай праграмы інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця Віцебскай вобласці на 2011-2015 гады, у бягучым годзе ў вобласці з'явяцца 24 гандлёвыя аб'екты і тры рынкі. Рэалізацыя праектаў дазволіць стварыць звыш 800 працоўных месцаў.
Найбольш маштабныя аб'екты будуць уведзены ў строй у новым жылым мікрараёне ў Віцебску, Полацку, Наваполацку і Оршы. Тут адкрыюцца гандлёвыя цэнтры, гандлёва-забаўляльныя комплексы, спецыялізаваныя рынкі. Па тры крамы з'явяцца ў Бешанковіцкім, Глыбоцкім, Лепельскім раёнах, па два - у Пастаўскім, Браслаўскім, па адным - у Верхнядзвінскім, Гарадоцкім, Міёрскім, Полацкім, Талачынскім і Шумілінскім раёнах. Працягнецца стварэнне крам крокавай даступнасці і аб'ектаў грамадскага харчавання. Апошніх будзе адкрыта каля паўсотні, з іх 20 будуць з'яўляцца аб'ектамі прыдарожнага сэрвісу.
За кошт новага будаўніцтва, рэканструкцыі дзеючых і аднаўлення працы раней закрытых аб'ектаў у бягучым годзе плануецца забяспечыць прырост гандлёвых плошчаў на 12 тыс. кв.м. А гэта значыць, што забяспечанасць насельніцтва гандлёвымі плошчамі да канца бягучага года дасягне 425 кв.м на тысячу жыхароў.
У 2011 годзе за кошт новага будаўніцтва і рэканструкцыі ўведзена ў дзеянне 137 гандлёвых аб'ектаў агульнай гандлёвай плошчай 16 тыс. кв.м, 77 аб'ектаў грамадскага харчавання, у тым ліку 10 - прыдарожнага сэрвісу. Забяспечанасць насельніцтва гандлёвымі плошчамі склала 420 кв.м на тысячу жыхароў. У цяперашні час гандлёвае абслугоўванне ў вобласці ажыццяўляюць больш за 6 тыс. аб'ектаў гандлю агульнай плошчай 510 тыс. кв.м і каля 1,8 тыс. аб'ектаў грамадскага харчавання на 97 тыс. месцаў.-0-
БЕЛТА
Каля Br60 млрд. плануецца накіраваць у 2012 годзе на развіццё гандлёвай інфраструктуры Віцебскай вобласці
5.3.20120 праглядаў