2 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля паўсотні птушыных домікаў вырабяць сёння міёрскія школьнікі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар гідралагічнага заказніка ДПУ "Ельня" Іван Борак. Мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню птушак, пройдзе ў рамках рэалізацыі сумеснaга праекта ЕС/ПРААН "Садзейнічанне развіццю ўсёабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь". Адкрые акцыю ў Цэнтры дзяцей і моладзі фотавыстава "Птушкі роднага краю" жыхара Шаркаўшчыны Валерыя Каваленкі. Экспазіцыя ўключае каля 40 работ, зробленых неафіцыйным ахоўнікам балота "Ельня". На здымках прадстаўлены арлан-белахвост, шэры журавель, вушастая сава, вербніца, козадой і іншыя пернатыя насельнікі заказніка, многія з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Затым прадстаўнікі праекта і СМІ пераедуць у СШ №3, вучні і педагогі якой загадзя рыхтаваліся да сённяшняга дня. Разам з калектывамі дзвюх іншых школ Міёр з прадастаўленага мясцовым ЖКГ матэрыялу яны вырабілі каля паўсотні нарыхтовак домікаў для сініц, шпакоў, а цяпер чакаюць гасцей, каб завяршыць гэту працу цалкам. Завяршэнне займальнага занятку для школьнікаў будзе адзначана правядзеннем конкурсу на лепшае пажаданне птушкам, запісы якіх удзельнікі затым нанясуць на домікі. Узнагародай жа пераможцам стануць салодкія падарункі. Заключны этап акцыі ўключае развешванне зробленых домікаў каля школы і будучага экалагічнага цэнтра ДПУ "Ельня". Іван Борак таксама адзначыў, што ў рамках рэалізацыі праекта ЕС/ПРААН "Ельні" будзе аказана фінансавая падтрымка для тэхнічнага аснашчэння заказніка, стварэння экалагічнага цэнтра і дзвюх экалагічных сцежак на тэрыторыі балота. Акцыя заклікана прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы захавання біялагічнай разнастайнасці, фарміраваць беражлівае стаўленне да навакольнага асяроддзя ў падлеткаў і наглядна дэманстраваць ролю кожнага чалавека ў захаванні птушак.-0-

БЕЛТА