21 чэрвеня, Глыбокае /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Каля сотні аб'ектаў у Глыбокім і Глыбоцкім раёне да Дня беларускага пісьменства будуць прыведзены ў парадак і адрамантаваны, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы Глыбоцкага райвыканкама Міхаіл Чарапкоўскі. У пералік мерапрыемстваў па падрыхтоўцы горада і раёна да свята ўключаны бягучы і капітальны рамонт значнай колькасці аб'ектаў сацыяльнай сферы. Так, новы выгляд атрымаюць 6 аб'ектаў культуры: будынак Глыбоцкага гарадскога дома культуры, гарадскога цэнтра культуры з тэатральнай залай імя І.Буйніцкага, гісторыка-этнаграфічны музей, дзіцячая школа мастацтваў, будынак былой бібліятэкі. У скверы на плошчы "17 верасня" з'явіцца алея з бюстамі знакамітым ураджэнцам Глыбоччыны, а сярод іх нямала імёнаў, вядомых усяму свету: генеральны канструктар авіятэхнікі Павел Сухі, фалькларыст і мастак Язэп Драздовіч, стваральнік іўрыту - дзяржаўнай мовы Ізраіля Эліэзер Бен-Егуда, заснавальнік беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі. Абноўленымі свята сустрэнуць інтэрнаты Глыбоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельгасвытворчасці, раённай гімназіі, а таксама школы №2 і №3. Поўным ходам вядзецца рэканструкцыя трэцяй чаргі гарадскога стадыёна, капітальна рамантуецца будынак цэнтральнай раённай паліклінікі. Аб'екты грамадскага харчавання таксама рыхтуюцца да прыёму гасцей і накіроўваюць немалыя сродкі на рамонт. На падрыхтоўку да свята накіравана больш за Br100 млрд., у тым ліку з абласнога і раённага бюджэту амаль Br50 млрд. Як адзначыў Міхаіл Чарапкоўскі, жыхары раёна і прадпрыемствы таксама прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да свята. На дабрачынны рахунак імі пералічана звыш Br600 млн. З 18 Дзён пісьменства, праведзеных у Беларусі, чатыры разы яго сталіцамі станавіліся гарады Віцебскай вобласці. Першай сталіцай быў Полацк. Глыбокае стане пятым горадам, які прымае свята.-0-

БЕЛТА