30 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля тысячы аматараў бегу ад малога да вялікага збярэ 1 кастрычніка спартыўнае свята ў Сенне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Сенненскім райвыканкаме. Галоўнай падзеяй дня стане традыцыйны штогадовы прабег памяці Героя Савецкага Саюза Пятра Машэрава, які сёлета адбудзецца ў 23-і раз. Для ўдзельнікаў марафону падрыхтаваны дыстанцыі ў 1 км, 3 км, 5 км і 10 км. На старт масава выйдуць жыхары Сенненскага раёна ў складзе каманд прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, прадстаўнікі іншых рэгіёнаў Беларусі, а таксама прыгранічных абласцей Расіі, якія фактычна кожны год прыязджаюць у Сенна для ўдзелу ў забегу. Арганізатар мерапрыемства Сенненскі райвыканкам падрыхтаваў прызы для самых хуткіх бегуноў, якія выступаюць у складзе каманд і асабістых заліках, у розных узроставых катэгорыях, для самых юных і самых дарослых удзельнікаў. Пры гэтым каб апынуцца ў ліку пераможцаў, неабавязкова хутка бегаць. Дастаткова быць проста шчаслівым - адна з узнагарод забегу будзе ўручана па выніках розыгрышу нумароў удзельнікаў. Не менш цікавыя мерапрыемствы будуць арганізаваны на розных спартыўных і культурных пляцоўках раённага цэнтра. Так, на цэнтральнай плошчы Сенна разгорнецца экспазіцыя архіўных матэрыялаў, прысвечаных гісторыі правядзення забегу памяці П.М.Машэрава. Тут пройдзе выстава-продаж прадукцыі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, будзе працаваць кірмаш. Дзеці змогуць весела правесці час на розных атракцыёнах. Усіх жадаючых запрашаюць на свае выступленні калектывы мастацкай самадзейнасці Сенненшчыны. "Гэта будзе сапраўднае свята здароўя, спорту і добрага настрою", - заключылі арганізатары.-0-

БЕЛТА